Успаміны Ядвігі Фамінічны Панасік (у дзявоцтве Місура, па першаму – шлюбу Храпавіцкая)
Мой першы муж Іван Храпавіцкі нарадзіўся ў 1920 годзе. 2 жніўня 1943 года быў растраляны немцамі “за сувязь з партызанамі”.
Пажаніліся мы 23 лютага 1943 года. Ен у мяне сторажам у гаспадарцы нямецкай у Пічуках быў. За гэта нам соткі далі, я капусту там пасадзіла.
Помню паехалі мы да родных у Задвор’е, пабылі там. Іван папрасіў хлопца з Пічукоў яго замяніць на дзяжурстве. Хай бухкрэе, акраз у тую ноч прыйшлі партызаны і забралі каня.
Вярнуліся. Ляглі спаць, а зранку я і яшчэ бабы кулянскія пайшлі па ягады ў Блізенскую. Вяртаюся, а Райка сустракае мяне ў Заполлі. Яшчэ да мяне не дайшла, а запольцы кажуць “Івана твайго забілі”. У Пічуках яго пахавала жонка мельніка, расказвала потым што і як.
Ідзем да Пічукоў я, Райка Місурына і Волька Гаўрылава (Храпавіцкая), а за лесам жнуць, і немец на дарозе стаіць. Я папыталася, ці можна дастаць Івана і перавезці да Кулянь. А ен кажа “Едзце да Міжэрыч, толькі ты не едзь (паказвае на мяне), бо забяруць у Германію”.
Мы вярнуліся, тата запрог каня, мая мама і мама Івана паехалі да Міжэрыч, дзе атрымалі дазвол на перапахаванне. Да Кулян вярталіся праз Пічукі, адкапалі майго Івана (пічукоўцы памагалі) і прывязлі да Кулянь. Пяць пуль на сарочцы, як цяпер бачу. Так што ляжыць ен не ў Пічуках, а ў Кулянах на могліцах.
P.S. Такі страшны дзень 2 жніўня 1943 ў лесе маей сям’і. Не магу нават уявіць сабе, што адчувала тады мая бабуля, 20-гадовая дзяўчына, у адзін момант страціўшая свайго любага. Гэта рана ў яене зажыла да сеняшніх дзен. Апавядае мне і слезы цякуць.
Як нашчадак, лічу што кроў майго дзеда і аднавяскоўца ляжыць не толькі на немцах, але і на партызанах. Праз 70 гадоў не маю адказу на пытанні, тыя хто ўночы забіралі каня, ці разумелі, што адказнасць за гэта цалкам ляжа на вартаўніка, немцы разбірацца не будуць і за гэта ен аддасць свае жыцце? Што гэта за “мена” такая – жыцце чалавека у абмен за каня? Што гэта за партызанскі “геройскі подзвіг”? Ці не падобны “геройскі подзвіг” партызаны здзейснілі ў весцы Шавулічы Ваўкавыскага раена, калі застрэлілі нямецкага лекара, а ў адказ 7 ліпеня 1943 года карнікі спалілі веску з жыхарамі?
Мне, яе ўнуку балюча і таму, што і пасля вайны бабуля не мела шчасця. Другі раз выйшла замуж за чалавека, які быў старэйшы за яе на 20 гадоў. У 1965 годзе засталася ўдавой з тройкай дзяцей на руках. Цяжка працавала ў саўгасе – спачатку за “крэсачкі” працадзен, пасля за мізэрную аплату. Пенсіі пры Саветах атрымлівала 49 рублей, цяпер пенсія складае няпоўных 3 мільены рублей.