Таямніцы поланскай брукаванкі

Наведваючы Поланск упершыню, можна і не здагадацца, што тут некалі была брукаванка. Але яе добра памятаюць мае калені, бо падаць на круглае каменне было балюча. Не раз мы ішлі па брукаванцы ад бабулінай мураванай хаты, што каля поланскай крамы і школы, да прадзеда і прабабкі, што жылі па дарозе на Куляны. Бывала, нясеш у бідонах малако па няроўнай павехні, і, калі бідончык зісум поўны, малако разлівалася і цякло па бруку. Іншым разам ішлі да прабабкі Аксені, каб яна зашэптвала раны, ці да дзеда Міхася, каб ён залатаваў чаравікі.

 

Магчыма, камусьці асфальт, які заліў брукаваку ў канцы 80-х – пачатку 90-х гадоў, быў зручнейшы. Па ім можна хутчэй ездзіць ці лягчэй ісці старому чалавеку. Дый каб ехаць на ровары па брукаванцы патрэбна сапраўднае ўменне. Але ня можна не пагадзіцца, што брукаванка надавала вёсцы пэўную рамантычнасць і нагадвала пра таямнічае былое.

brukavanka-net

Брукаванка

Па аповядах, будавалі брукаванку за польскім часам. З гісторыі можна даведацца, што ў 1930-я гады Польшча паставіла мэтай дагнаць Еўропу па плошчы цвёрдых дарог. У лютым 1931 году польскі парламент нават стварыў Дарожны Дзяржаўны Фонд, і ў хуткім часе пачаліся працы. У той час дарогі выкладваліся з асфальту (паміж вялікімі гарадамі), бетоннай пліты-трылінкі (такія можна і зараз знасці на вуліцах у Століне) і палявых камянёў забітых у глебу, так званых “каціных ілбоў”. Менавіта такой была брукаванка ў Поланску. Гэта быў самы танны спосаб пабудовы цвёрдай дарогі, бо матэрыял — мясцовыя валуны — быў танны і яго ня трэба было далёка перавозіць.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Фрагменты бетоннай пліты-трылінкі

Як чалавек звязаны з экалогіяй, я не магу задумацца яшчэ пра адну перавагу брукавакі над асфальтавым пакрыццём. Вырабленне асфальту прыводзіць да выкіду шкодных рэчываў у атмасферу, а само асфальтнае пакрыцце негатыўна адбіваецца на якасці мясцовых вод і прыцягвае больш цяпла, што аказвае пацяпляючы эфект на клімат і ўдзельнічае ў яго змене. Таму пра брукаванку можна думаць, як пра мэтад чалавеку жыць у большай згодзе з прыродай.

Шмат вёсак і гарадоў Заходняй Беларусі мелі брукаванку. Большасць зараз залітая асфальтавым слоем, што адлюстроўвае складанасць нашых дарог, як, зрэшты, і лёсу нашага краю. Мясцовыя жыхары лічаць, што Поланск быў заснаваны ў XV стагоддзі, а можа і ранней. Варта задумацца, хто толькі не праходзіў па нашых дарогах за гэты час і з якімі мэтамі. Асфальт – гэта толькі самы верхні слой, а пад ім яшчэ шмат стагоддзяў.

 

Ад рэдакцыі:

Брукаванка была і ў Кулянах, называлі яе па мясцоваму проста брук, казалі “ехаць па бруку”, “разлілося па бруку”, “стукнуўся аб брук”. Пачынаўся брук ад Жоржыка і заканчваўся перад Панасікам – менавіта ў гэтых межах была вёска ў першай палове 1930-х, калі клалі брук. Тут, паміж Панасікам і  Кір’янам была хата майго прадзеда Рыгора Сяргеева і дзеда Колькі. Апошняя, канцавая. А насупраць жыў Юрак Канцавы – тыповая, дарэчы, мянушка, што сустракалася ў многіх вёсках, яе давалі чалавеку, чыя хата была апошняй, канцавой .  Гэта ўжо ў другой палове 1930-х Куляны сталі разбудоўвацца ў Паплаўку, але ў 1939-м прыйшлі Першыя Саветы, дый Паплаўка так і засталася без бруку, толькі ў 1992-м паклалі асфальт.

Дарэчы, асфальт той “армянскі” даўно вышчарбіўся, выбіўся, і не раз даводзілася чуць шкадаванне, што пад ім схавалі такі добры і гладкі брук, тэрмін годнасці якога аказаўся куды большым за сучаснае пакрыццё.

Я такаса некалі малым вазіў заўсёды малако на ровары бабе Клаўдзі, кожны вечар, як маці падоіць карову, гэта ўжо быў абавязак, пра які забыць было нельга. Прывязу тое малако, сяду на ўслоне, цялемпаю нагамі – чакаю ўзнагароды, не абы як. Дзед Ёзік ужо лезе у кашалёк, якіх капеек пашукае: 20 – 15 -10, іншы раз і медзякамі. То добры быў заробак, бо назбірвалася гэтак поўная каробачка з часам, хапала, адным словам, не толькі на цукеркі, але яшчэ і адкласці.

А адзін раз як імчаўся згары на ровары ды тут каля Стальмаха, дзе згарэла пасля іх хата, слоічак у сумцы перавярнуўся на бок — ведама ж, трасло моцна, — крышка зляцела дый пацякло тое малако па бруку. Па тармазах! Стаю, гляжу спалохана на гэтыя “малочныя рэчкі”. Думаю, уваляць мне сёння… А дзядзька Іван Стальмах ад калодзезя рыхтык ішоў, смяецца:

—          Што, накарміў бабу?..

Не, нічога мне не было, не сварыліся на мяне за гэтае здарэнне. А ці “заплацілі” за той пусты рэйс, ужо не помню.

Шчыры дзякуй Волі Рошчанка, што нагадала нам пра такую мілую і для палонцаў, і для кулянцаў брукаванку!

 

Добавить комментарий