Палец у рот не кладзі

Цётка Аня Войтава за савецкім часам, як ехала ў адпачынак ці на свята якое, часта прывозіла з Мінска каўбасу кшталту дохтарскай. А дохтарская яна там была, ці не, я ўжо не помню. Але была смачная-рассмачная, такое ў Ружанах тады не купіцьмеш, зрэшты, можа, і цяпер гэдык. У вялізных такіх батонах была каўбаса. Як едзе ў адпачынак ці на святы, дык вязе некалькі батонаў. Маці наша была ў спісе «заказчыкаў» таго ласунка, Зося Калядзіная, яшчэ можа хто з радні…

Неяк бацька адзін вечар (ці падвечар) зайходзіць у хату і смяецца, давай нам расказваць.

Нёс воду ад калодзезя, пераходзіць вуліцу з вёдрамі — адно ж нясецца з Паплаўкі на ровары Валерык Пракаповіч, як бура, і адной рукой трымаецца за руль, а ў другой — вялізны, таўшчэзны батон гэтае мінскае смачнае каўбасы. Колькі тому Валерыку было тады? Можа гадоў 12, не больш.

Бацька, доўга не думаючы, рашыў пажартаваць, кажа:

— Дай каўбасы!

А той Валерык, праносячыся  міма і яшчэ меньш думаючы, у адказ:

— А каўбасою не хочаш?!.

 

Добавить комментарий