Адразу за Ружанамі ў накірунку Гародні ёсць ростань: налева – Ваўкавыск, направа – Зэльва. Далей у ваўкавыскім напрамку першая вёска Шэйпічы – радзіма калісьці знакамітага на ўсю Еўропу опернага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага. А ў зэльвенскім напрамку першая вёска будзе Заполле – радзіма другога не менш славутага рыхтык у тым самым часе опернага спевака Паўла Пракапені.
Як няроўна расце лес над берагамі рэчкі Зяльвянкі паміж гэтымі вёскамі, так і людзі не бываюць аднолькавымі. Што ж датычыцца нашых герояў, то надзяліўшы кожнага з іх сваім адметным характарам і талентам, Усявышні, апроч таго, наканаваў гэтым людзям яшчэ і быць заядлымі канкурэнтамі, сапернікамі.
Саперніцтва і творчая рэўнасць у мастацкім асяродку, асабліва артыстычным, эстрадным – справа звычайная. Аднак у дадзеным разе яно актуалізавалася, падсцёбвалася, натхнялася менавіта зямляцтвам, бо, нягледзячы на тое, што па-рознаму гэтыя два чалавекі адчувалі сваю нацыянальную ідэнтычнасць, у абодвух, можна не сумнявацца, моцна сядзела тое прыроднае, у пэўным плане інстынктыўнае пачуццё, якое прынята называць “мясцовым патрыятызмам”.
Гэтую думку яскрава падцвярджае Максім Танк у сваіх дзённіках 30-х гадоў, калі ўзгадвае ягоны з Шырмам візіт у віленскі гатэль да Паўла Пракапені 16 красавіка 1937 года. Паводле гэтых успамінаў, Пракапеня, выхваляючыся сваім моцным, сакавітым басам, пра Забэйду – лірычнага тэнара – казаў наступнае: “Ды калі я ў сваім Заполлі заспяваю, то яго і ў ягоных Шэйпічах не пачуюць”.[1]
Кожнаму хацелася, каб на малой радзіме шанавалі і хвалілі менавіта яго, ганарыліся менавіта ім (дарэчы, наведваючыся, і адзін, і другі давалі канцэрты перад землякамі, пра адзін з такіх канцэртаў Пракапені ў нашых Кулянах мне даводзілася чуць калісьці ад бабы Клаўдзі). І, натуральна, што кожны жадаў, каб у той жа прэсе менавіта яго называлі выбітным прадстаўніком гэтага краю.
А тая прэса як блытала іх тады, пры жыцці, так і працягвае гэта рабіць па сёння: да прыкладу, газета “Народная воля” ў нумары ад 5 лютага 2013 г. артыкул невядомага аўтара “Міхась Забэйда-Суміцкі. Пясняр з Пружаншчыны” праілюстравала здымкам Паўла Пракапені, а пасля яшчэ і паўтарыла гэта ў заканчэнні артыкула ў наступным нумары (ад 8 лютага 2013 г.).[2]
Калі б Забэйда не быў крэміраваны, ён бы, напэўна, перавярнуўся ў труне. Яму і без таго хапіла гэтага запольскага “выскачкі”. Абкалясіўшы паўсвету, спазнаўшы падмосткі харбінскай і міланскай оперы, успешчаны італьянскай музычнай крытыкай, узгадаваны і ўсхвалены знанымі прафесарамі спеваў, вяртаючыся на радзіму, ён бачыць сябе мега-зоркай, беларускім Каруза, гонарам свайго краю і свайго народу – вось, я ўзгадаваў, прывёз і кладу на алтар Бацькаўшчы свой талент, якога яна, Бацькаўшчына, яшчэ не ведала, можаце мной ганарыцца! Але ў хуткім часе ён даведваецца, што ёсцека тут і без яго спевакі, якія патрапілі на оперны і эстрадны Алімп нашмат карацейшай дарогай, як вось, да прыкладу, Павел Пракапеня, што на восем гадоў за яго, Забэйду, маладзейшы[3], але ўжо лаўрэат і дыпламант розных музычных конкурсаў, гэтаксама паспеў прайсці міланскую школу, з поспехам выступаў у Рыме, а цяпер, бач, адзін з самых вядомых і пажаданых у Польшчы спевакоў, раз’язджае з канцэртамі ды ўсім яшчэ хваліцца, што спяваў на Вавелі з самім Янам Кепурам. Яны былі ў Італіі ў адзін і той жа час, і Забэйда там чуў пра маладога і перспектыўнага “баса-паляка Паўла Пракапені”, прозвішча якога пісалася менавіта так, на італьянскі манер. Але хто б мог падумаць, што гэты “Пракапені” з суседняга Заполля! Як артысту такое перажыць?!.
Гэтую “крыўду” яшчэ падмацуе і тое, што ён, Забэйда, не зважаючы на супраціў з боку польскіх афіцыйных улад, пагрозы ў свой бок, ганенні, нястомна прапагандаваў беларускую народную песню, ахвяраваўшы дзеля гэтага сваёй кар’ерай, і ў той самы час гэны “запольскі выскачка” спяваў сабе тое, што дазвалялася, на чым можна было зарабляць грошы і рабіць імя, а тыя самыя ўлады шчыра абвешвалі яго ўсё новымі медалямі ды ардэнамі.
Гэтая “крыўда” ў душы Міхася Забэйды застанецца на ўсё жыццё, і калі ў яго, ужо старога чалавека, пісьменнік Янка Саламевіч будзе пытацца ў адным з лістоў “а ці чулі Вы што пра Паўла Пракапеню – ён жа, здаецца, Ваш зямляк?”, Забэйда адмахнецца: “Ай, што пра яго гаварыць – прадаўся палякам”.
Пракапеня, дарэчы, гэтаксама спяваў па-беларуску, і нават той жа рэпертуар, што й Забэйда. Да прыкладу, ёсць сведчанні пра яго бліскучае выкананне ў Наваградку “Лявоніхі” – менавіта тае самае, што лічылася забэйдавай візітоўкай, “Лявоніхі”, за выкананне якой Міхася Іванавіча публіка насіла на руках па заканчэнні канцэртаў, а крытыка няспынна расхвальвала і ўзносіла да нябёс. Але не меншае захапленне ў гледача і крытыкі выклікала і “Лявоніха”, выкананая басам Паўла Мацвеевіча. І от як тут было не злаваць шэйпяку Забэйду на гэтага запольца Пракапеню, які так нахабна, па-спрытняцку перабягае творчую дарогу.
Зрэшты, такога кшталту канкурэнцыя магла быць паміж гэтымі спевакамі толькі на эстрадзе. Што датычыцца оперы, то тут, маючы галасы дыяметральнага дыяпазону (лірычны тэнар – бас), яны часцей былі выканаўцамі партый герояў – антыподаў. Шкада толькі, што творчы лёс не звёў Забэйду-Фаўста і Пракапеню-Мефістофеля, альбо Забэйду-Князя і Пракапеню-Мельніка[4] на адной сцэне – вось дзе магла б адбыцца “бітва тытанаў”, куды цікавейшая, чым рэдкі абмен узаемнымі папрокамі.
Па-іншаму распарадзілася жыццё, дзе, дарэчы, нашы героі гэтаксама былі поўнымі антыподамі па сваіх характарах, якія, напэўна, цалкам адпавядалі іх сцэнічнам амплуа: Забэйда-Суміцкі – чалавек тонкай душэўнай арганізацыі, адукаваны, інтэлігентны, далікатны, дзесьці наравісты і, як сёння сказалі б, “рафініраваны” (мабыць, усё як і належыць тэнару); і Пракапеня – мужыцкі, заліхвацкі, у нейкай ступені шалапутны, кажучы па-сучаснаму, брутальны, а папросту, часам грубаваты, як ахарактарызаваў яго адным словам той жа Маскім Танк – “жарабец” (ну, бас жа!).
Нават, паводле ўспамінаў іх сучаснікаў, ужо ў веку да свайго здароўя яны ставіліся па-рознаму. Забэйда ў халоднае ці сырое надвор’е ніколі не выходзіў з дому, не захінуўшы рот шалікам, а падчас шпацыру ў такое надвор’е не размаўляў – мог толькі слухаць (бярог голас!). Наконт жа Пракапені, зазначалі, што яго твар пад старасць выдаваў нават “схільнасць да чаркі”.
На лёсы нашых землякоў-сапернікаў, як і на лёсы многіх іх сучаснікаў, кардынальна паўплывалі трагічныя падзеі сярэдзіны мінулага стагоддзя, а менавіта Другая сусветная вайна і яе вынік – падзел свету на два супрацьлеглыя лагеры. І тут іх лёс гэтаксама раскідвае ў пэўным сэнсе па розныя бакі. У вайну Забэйда жыве пад немцамі ў Чэхіі, пад збегам пэўных абставін аказваецца ў кампаніі, якая накіроўвае Гітлеру вітальную тэлеграму з нагоды нападу на Савецкі Саюз, выступае на акупаваных тэрыторыях з канцэртамі, і не толькі перад цывільнай публікай, але і перад нямецкай вайсковай, аднак па вайне астатняе жыццё пражыве ў Чэхаславаччыне, што ўваходзіла ў так званы сацыялістычны лагер. А Пракапеня будзе служыць у шэрагах Арміі Андэрса, што змагалася з нацызмам, стане ўдзельнікам славутай бітвы пад Монтэкасіна, атрымае яшчэ шэраг вайсковых узнагарод, а па вайне апынецца і пражыве астатні век у краіне-лідэру іншага лагера – капіталістычнага, ЗША.
Дарэчы, Павел Пракапеня стаў падчас вайны героем шматлікіх анекдотаў, што, безумоўна сведчыць пра шырокую вядомасць яго асобы. Да прыкладу, Аркадыюш Столарэк у сваёй працы “Чалавек жыве не толькі вайною. Анекдоты і жарты Другой сусветнай вайны” апісвае такі выпадак. “У Карпацкай стралковай брыгадзе служыў нейкі час оперны спявак Павел Пракапеня. Аднойчы ноччу падчас баёў у Лівіі Пракапеня падняўся на танк і пачаў спяваць па-руску. У гэтай мясцовасці італьянская лінія фронту праходзіла вельмі блізка да польскіх пазіцый, таму, дзякуючы рэху, што разнеслася па пустыні, італьянцы пачулі спевы. Праз хуткі час у рукі палякаў здаўся без бою ўвесь італьянскі атрад. Здзіўленым палякам італьянцы патлумачылі, што паколькі рускія прыйшлі на дапамогу Карпацкай брыгадзе, то яны здаюцца без бою. Палякі адказалі, што гэта ўсяго толькі спяваў іх калега, на што італьянцы адказалі, што ў іх у такім разе толькі адна просьба – вельмі хацелася б пабачыць чалавека, які мае такі голас. Ім прывялі Пракапеню”.
У “Гістрарычных сшытках” («Zeszyty historyczne») №№ 141-142 Тадэвуш Вырва піша пра іншы выпадак, што гэтаксама вельмі падобны на анекдот: “Адасланы падчас вайны ў ЗША для прасоўвання польскіх справаў Пракапеня сустракаўся там з удавой амерыканскага мільянера, якая спрабавала дамовіцца аб ягонай дэпартацыі ў Англію. Па вяртанні генерал Марыян Кукель выставіў яму абвінавачванне. Міністр абароны абвінаваціў Пракапеню ў тым, што той запэцкаў гонар мундзіра польскага салдата. Пракапеня на гэта запярэчыў: “Пан Міністр, такое не магло здарыцца – я тады быў у споднім”.
Немагчыма ўявіць, каб нешта гэткае ў нейкіх анекдотах магло б з’явіцца пра Забэйду-Суміцкага.
І ўсё ж, ёсць у лёсах гэтых людзей і агульнае. Абодва, як мы ведаем, нарадзіліся пад саламянымі сялянскімі стрэхамі. Абодва дажылі свой век на эміграцыі і пахаваныя далёка ад Беларусі: заполец Павел Пракапеня – на польскіх могілках у Дойлестаўне ў штаце Пенсільванія, ЗША (памёр 10 кастрычніка 1976 года); шайпяк Міхась Забэйда-Суміцкі – на Альшанскіх могілках ў чэшскай Празе (памёр 21 снежня 1981 года). І абодва амаль аднолькава забытыя Бацькаўшчынай, няхай сабе адзін больш, другі меньш.
***
У псіхалогіі ёсць такое паняцце “у кожнага чалавека свая карта свету”. Карта – гэта набор уяўленняў аб свеце, назапашаны вопыт і фільтры ўспрымання ўсяго навакольнага. Усе падзеі ў нашым жыцці мы прапускаем праз фільтры ўласнага жыццёвага вопыту. На гэтыя фільтры ўплываюць нашыя каштоўнасці, дзіцячыя ўражанні, перажытыя непрыемнасці і негатыў, дасягненні і перамогі, перакананні, вера і рэлігія, традыцыі сям’і, звычкі і шмат чаго іншага. Людзі глядзяць і ацэньваюць свет і іншых людзей заўсёды праз свае персанальныя фільтры, і рэагуюць не на нас, а па сутнасці, на сваё ўласнае ўспрыманне рэальнасці, на сваё асабістае бачанне таго, што адбываецца.
Нехта з нас бачыць Забэйду інтэлігентным і выхаваным, Пракапеню – грубым і шалапутным, а для некага – першы сумны і занудны, а другі – “свой у дошку хлопец”.
Для некага важна, што Забэйда заўсёды заставаўся беларусам, папулярызаваў родную мову і песню, стараўся ўзняць яе на суственую вышыню і прынесці гэтым гонар Бацькаўшчыне (напэўна, і сабе), у адрозненне ад свайго земляка-саперніка, які ніколі не стаяў на такіх цвёрдых нацыянальных пазіцыях. Але некаму будзе больш важна тое, што Павел Пракапеня ў Арміі Андэрса змагаўся з нямецкім нацызмам і італьянскім фашызмам у той час, як Забэйда даваў канцэрты перад нямецкімі афіцэрамі ды салдатамі на акупаваных тэрыторыях.
Нехта можа ўхвальваць Забэйду, што ён у гонар свае дарагое маці далучыў ейнае прозвішча да бацькавага, стаўшы Забэйдам-Суміцкім, і ўшчуваць ягонага земляка, які па вяртанні з Італіі гэтак і працягваў пісаць сваё беларускае прозвішча на італьянскі манер – Пракапені. А нехта і ў тым, і ў другім выпадку ўбачыць звычайны чалавечы комплекс і больш нічога асаблівага.
Аднак трэба памятаць: як няроўна расце лес паміж Шэйпічамі і Заполлем, так і людзі не бываюць аднолькавымі, і як не не можа паўтарыць звілістае рэчышча Зяльвянкі сваімі абрысамі рэчышча іншай рэчкі, так і звілістыя людскія лёсы не могуць быць цалкам падобнымі.
[1] Танк М.: Збор твораў у трынаццаці тамах. Том 9. с. 165. – Тут і далей заўвагі аўтара.
[2] Народная воля. №№ 10, 11 ад 5 і 8 лютага 2013 г.
[3] М. Забэйда-Суміцкі нарадзіўся 1 чэрвеня 1900 г., П. Пракапеня – 18 жніўня 1908 г. (паводле старога стылю).
[4] Маюцца на ўвазе ролі з операў “Фаўст” (Гуно) і “Русалка” (Даргамыжскі) адпаведна.
P.S.: На нашым сайце можна пачытаць больш падрабязна і пра Міхася Забэйду-Суміцкага, і пра Паўла Пракапеню.
Я і цяпер памятаю, што упершыню пачуў пра Міхала Забэйду-Суміцкага і Паўла Пракапеню падчас пасядзелак у бабы Ядзі яе сябровак — бабы Мані Калачыхі і бабы Шуркі Войтавай. Гадоў 9-10 тады тады мне было. Эх, колькі усяго ад іх можна было пачуць! А каб яшчэ запісаць?
Так, а Пракапеню называлі, як кажуць, па-вулічнаму — Коуб. Іх так называлі ў Заполлі — Каўбы. даводзілася чуць ад старых успаміны, як Коўб спяваў у Кулянах, у нечыей хаце (от ужо ў чыёй, то не помню).