Ці было такое, ці выдумалі, не ведаю. Але наш бацька некалі расказваў гэты анекдот пра пружанскае кіраўніцтва эпохі брэжнеўскага застою (як прынята называць 70-я і пачатак 80-х гадоў мінулага стагоддзя).
Першым сакратаром Пружанскага райкама партыі (тады — галоўны чалавек у раёне) быў Павел Паўлавіч Дубіна. А вось ці то другім сакратаром, ці старшынём райвыканкаму (не памятаю і не магу знайсці ніякіх звестак) быў чалавек з прозвішчам Уюн (не магу знайсці імя ды імя па бацьку).
І казалі, што надта ж яны не ладзілі, не маглі знайсці агульнае мовы. Але не ўпускалі ніводнае магчымасці, каб адзін аднаго не «укусіць».
І вось на нейкім паседжанні Дубіна выступае ды кажа:
— Кепскія паказчыкі ў раёне! Бо кепска працуем, слаба варушымся! Трэба, каб круціліся, як уюны!
А Уюн кажа:
— Правільна! Падтрымліваю! Даўно ўжо трэба браць дубіну і — дубінаю, дубінаю!..
Казалі, што да таго не маглі працаваць яны разам, што ўрэшце рэшт іх развялі ў розныя бакі. Дубіну забралі ў Брэсцкі абласны камітэт патрыі, дарэчы, ён быў апошнім першым сакратаром Брэсцкага абкаму — на нейкія паўтара месяца з ліпеня па жнівень 1991 г., а пасля здарыўся путч з ўсімі далейшымі наступствамі (прыпыненне дзейнасці КПБ і ўсё такое). А хутка пасля тога і памёр.
А вось пра Ўюна, паўтаруся, як так нічога і не знайшоў…