Жыла ў Кулянах яўрэйка ў міжваенны час (пры паляках). Хата яе стаяла недзе тут паміж Точаным і Вераб’ёвымі. А от як яе звалі, ўжо не помню, то й не буду выдумляць.
Не помню ўжо і з кім яна там жыла, якая ў яе сям’я была, але, мабыць, мужчын не было, бо наняла неяк Івана Варшаўскага малаціць збожжа.
Жалі тады сярпамі, вязалі ў снапы, адразу снапы ставілі ў копы, пасля звозілі ў гумны, а к зіме браліся ўжо малаціць, як уся палявая работа пераробленая, а тыя снапы павысыхалі добра. Малацілі прама ў гумне цэпам на таку (ток — пляцоўка такая цвердая спецыяльна для абмалоту пасярод гумна). Работа гэтая была цяжкая, таму й даводзілася многім, у каго не было свае сілы, наймаць малацьбітоў. «Чужая Бацькаўшчына» Вячаслава Адамчыка, дарэчы, і пачынаецца з таго, што прыйшлі ў вёску такія малацьбіты наймацца на працу.
Не ведаю, як там у Адамчыкавых мясцінах, на Дзятлаўшчыне, а ў нас у Кулянах такса за малацьбу была гэтак званы трацяк — трэцяя частка ад таго, што намалаціў, твая.
А той Варшаўскі нечаму перапалавініў — палову намалочанага збожжа сабе забраў, а палову пакінуў гаспадыні.
Стаіць яна дый разважае над тым, што засталося:
— Хм, пасеяла пяць мяшкоў, нажала тры капы, змалаціла — зноў пяць мяшкоў. Ні прыбытку, ні ўбытку…
Старыя часта гэту показку ўспаміналі. Бывала, як неўражай на картоплі каторы год, то лічаць, колькі пасадзілі, колькі накапалі, а пасля кажуць: як у тае (называлі імя) — ні прыбытку, ні ўбытку.