Мова кулянцаў некалі была багатай на розныя, часам даволі цікавыя, дыялектныя слоўцы, якія цяпер рэдка пачуеш (хіба ад самых старых). Узгадаліся во мне два такіх словы, хоць і блізкія па значэнні, аднак з розным сэнсам.
Махарай і стапарч — гэта старыя, непатрэбныя рэчы, што, звычайна, ужо перасталі ўжывацца ў гаспадарцы, але яшчэ не трапілі на сметнік. Нешта такое, што перакідваецца (перастаўляецца) з месца на месца, ці ляжыць зваленае на выпадак, што можа калі для чаго спатрэбіцца.
Адрознівае іх вось што.
Махарай — гэта шмат нечага дробнага разам, у адным месцы, можа быць адзенне нейкае старое, да прыкладу, іншыя некія дробныя рэчы.
Стапарч — гэта нешта грамоздкае, такое, на што можна і напароцца, аб што можна зачапіцца, спатыкнуцца, калі яно не закінута дзесьці ў дальні вугал. Часам дзе ў дальні кут двара розных старых рэчаў маглі нацёгаць напрацягу некага часу, пасля кажуць: «Некае стапарчы тут сабраласё, ніяк да яе рукі не дайдуць. Нахалеру яно тут?». А маглі так сказаць і на некую патрэбную грамоздкую, нязграбную рэч: «Але ж і стапарч!». Гэта ўжо гучала як характарыстыка прадмета.
Такім чынам, словы гэтыя абазначалі зусім рознае, і ніяк немагчыма было махарай назваць стапарчу, а стапарч — махараем.