Маразевічы

Гэтым разам узгадаем Маразевічаў. Тых самых, што жылі некалі ў Кулянах, і чыя кроў цячэ і ўва мне. Мала хто ўжо і ведае, што такое прозвішча было ў нашай вёсцы.

А між іншым, Маразевічы ў Кулянах жылі здаўна. Іх было не так многа, як Прэдкаў ці Гарбачоў, Качаноў ці Якутаў. Але згадваюцца яны ў метрычных кнігах Ружанскай царквы яшчэ ў першай палове XIX стагоддзя, і нават у рэвізскай сказцы ад 1816 г. То можна сказаць, што Маразевічы былі нашы, мясцовыя, не прышлыя.

Паводле метрычнай кнігі Ружанскай праваслаўнай царквы 27.03.1845 у сялян Міхала Ільіча і Еўдакіі Іванаўны Маразевічаў нарадзіўся сын Іван.

Далей вядома з тых жа крыніц, што 06.06.1883 пабраліся шлюбам селянін вёскі Куляны Іван Міхайлавіч Маразевіч і сялянка вёскі Поланск Алена Іванаўна Грушнік. То гэта ўжо былі бацькі мае прабабулі Ганусі.

А ўжо іх дзяцей падлічыць цяжка, зыходзячы з метрычных запісаў, надмагільных помнікаў ды ўспамінаў людзей.

Самым старэйшым у іх быў сын Сцяпан – бацька Полі Марозавае (гэтую жанчыну яшчэ шмат хто з кулянцаў павінен памятаць). Гады яго жыцця: 1884 — 1968. Акрамя Полі, у Сцяпана быў яшчэ сын, гэтаксама Сцяпан. Паводле кнігі “Памяць. Пружанскі раён”, радавы Сцяпан Сцяпанавіч Маразевіч 1911 году нараджэння прапаў без вестак у красавіку 1945-га.

За ім ішла мая прабаба Ганна – Гануся, як яе называлі, паводле метрычнай кнігі нарадзілася 01.02.1892 (на надмагільным поніку пазначаны 1893 г.н., відавочна, што памылкова). 14 мая 1912 г. яна пабралася шлюбам з Мікалаем Фёдаравічам Гарбачом (Гімбаром). У іх нарадзіліся:

  • Антось (1914 г.н.) — мой дзед;
  • Маня (Гімбарыха) (1917 г.н.);
  • Мікалай (12.04.1924 г.н.)
  • Воля (20.07.1929 г.н.);
  • Аляксей (25.11.1931 г.н.), якога так і звалі – Гімбар (адкуль гэтая мянушка ўзялася ў маіх продкаў і што яна значыць, я пакуль не дакапаўся).

Прадзед Мікалай ляжыць на могілках у брацкай магіле – ўлетку 1944 г. расстралялі немцы 14 кулянцаў, у тым ліку і яго. А прабаба Гануся памерла ў 1970 годзе ўжо старэнькай і, як расказвалі, сівенькай-сівенькай бабулькай, пахаваная недалёка ад брацкае магілы.

Сын Івана і Алены Маразевічаў  Ілья, паводле метрычнай кнігі Ружанскай царквы, нарадзіўся 14.07.1896 г. Далейшы яго лёс пакуль невядомы.

У 1903 годзе ў Івана і Алены Маразевічаў нарадзіўся сын Іосіф (Ёзік называлі па-мясцоваму). Ён жыў у Поланску, мо ў прымы пайшоў, ці што (паводле метрычнай кнігі Ружанскай царквы ажаніўся з Натальяй Іванаўнай Куніца 31.10.1926). Тут, насупраць Якуцэні іх хата стаяла, што згарэла ўжо за нашай памяццю. Яго так і называлі – палонскі Мароз, а хату — Марозава хата. У яго было шмат дачок (чатыры ці пяць), дзве жылі ў Поланску, адна ва Уласавічах, адна недзе аж у Латвіі, пра іншых не ведаю. Памёр Іосіф Маразевіч, як сведчыць надпіс на помніку на палонскіх могілках, у 1977 годзе.

Дарэчы, цікава, што адна з яго дачок у Поланску, пайшоўшы замуж, атрымала ад мужа прозвішча свае палонскае бабулі — Грушнік. Бабуля была Грушнік, а, пайшоўшы замуж у Куляны, стала Маразевіч, а ўнучка наадварот — была Маразевіч, а стала Грушнік.

Прабаба Гануся са сваім братам Ёзікам. Паміж сабой моцна падобныя, і баба Маня Гімбарыха моцна падобная на сваю маці, і Поля Марозава, хто памятае, была на іх падобная таксама — усе як з аднаго цеста.

Быў у Івана і Алены Маразевічаў яшчэ і сын Міхась. Казалі, што ён загінуў «на польскай вайне» (гэта, напэўна, у 1939 г., калі немец напаў на Польшу). Пакінуў па сабе двух сыноў — Міхася (12.06.1927 г.н.) і Віктара (1924 г.н.). Жылі яны недзе тут, дзе Сапка хата. Але з’ехалі ўжо ў паваенны час ва Ўкраіну.

Паводле расповядаў, былі ў мае прабабы Ганусі яшчэ дзве сястры, але калі нарадзіліся і як іх звалі, не ведаю, бо дакументальных падцверджанняў гэтаму пакуль не знайлшося. Вядома адно, што абедзве павыходзілі замуж у чужыя месцы — адна трапіла аж недзе пад Моталь, а другая — пад Рось.  У кожнай там былі сем’і, дзеці, Калі браць пад увагу, што Іван Маразевіч ажаніўся на Алене Грушнік так позна — аж у 38 гадоў, то мо гэта быў у яго не першы шлюб, а тыя дочкі, магчыма, былі старэйшыя, ад першай жонкі. У той час такое здаралася часта — жонка памірала, а мужчына жаніўся другі раз і яшчэ паспяваў назаводзіць дзяцей і з другой сваёй выбранніцай.

А Маразевічы ў Кулянах так вось і звяліся…

Добавить комментарий