Крэкаць

Гэтак некалі ў нас на мясцовым дыялекце казалі старыя людзі на бездарожжа — крэкаць. Але на маёй памяці ў Кулянах гэткае крэкаці, як сёння, можа і не было. Загуменская дарога некалі была лепшая, чым сёння па вёсцы.  А зрабілі гэтую крэкаць літаральна за пару дзён МАЗы ды трактары мясцовае гаспадаркі «Ружаны-Агра» — пачаліся вясновыя палявыя работы. 

Гэтым старым людзям, што засталіся ў Кулянах, пасля перанесеных інсультаў і так цяжка ногі цёгаць, а па такой дарозе малады ды здаровы ног не пацягне. Дажыліся, што старому чалавеку немагчыма да аўталаўкі перайсці вуліцу праз такую гразь.

Яны то пасля грэйдзерам пройдуць і паправяць. Але, па-першае, невядома, калі тое «пасля» будзе, а па-другое, яно ж паўтараецца, як мінімум, разоў тры на год — вясновыя палявыя работы, жніво і асеннія палявыя работы. А яшчэ як лес вазіць стануць… І бяда гэтым людзям ледзь не круглы год!..

І можна ж было б неяк згладзіць гэтую бяду іншымі сродкамі, акрамя грэйдзера — можа не абяднелі б «Ружаны-Агра», каб на гэтым участку пару прычэпаў якога шчэбня катком добра ўтрамбавалі, а можа і знак які дарожны трэба было б паставіць, каб абмежаваць тут хуткаць  гэтае тэхнікі. А то ж у хлопцаў, напэўна, заробак залежыць ад колькасці рэйсаў — яны й ганяюць «ва ўсю мошч». І разбіваюць гэтую дарогу ўшчэнт, ператвараюць у крэкаць.

Ці ўжо нікому гэтыя людзі, што тут жывуць, не патрэбныя, ды мясцовае начальства адно чакае, каб паўміралі ўсе, то на тым і праблема вырашыцца?..

Добавить комментарий