Коляды

Было тры Каляды: пераша — Ражаство Хрыстово, другая — Новы год (Шчодры) і трэця Каляда — Крашчэннё.

 

Запісана ў 1992 годзе ад Марыі Андрэеўны Сяргеевай  (1910 г.н.),  в. Куляны Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.

 

Першая Каляда- Ражаство Хрыстова.

Перад Колядамі хадзілі са звяздою, спявалі калядныя песні, славілі Хрыста.

А на першу Каляду была посна вячэра: квас з грыбамі, рыба. Куццю варылі на Каляду зранку, па палудню даставалі з печы, на покуць клалі сено і ставілі куццю на сено ў той пасудзіні, у якой яна варылася.

А вечарам, калі садзіліся вячэраць, накладалі куццю ў міску, саладзілі і ставілі на стол. Але перад гэтым на стале клалі сено, накрывалі яго зверху настольніцаю і тады ўжэ ставілі ўсе стравы.

Пасля вячэры выцягвалі з-пад абруса кожны па сяніні праз тры разы – мужчыны варажылі, які ячмень будзя, а жанчыны – які лён будзя. Калі сяніна доўга, та і лён ці ячмень будзя доўгі. Пасля з гэтых сянін рабілі маленько перавясло і звязвалі ім усе лыжкі, якія былі на стале. І ўсё гэто так на стале пакідалі начаваць.

А ранкам гаспадар збіраў са стала сено, звязваў яго ў пучок і выносіў з хаты, хаваў у добрум месці да другое вячэры. А перавясло тоё з сена клалі ў курыно гняздо, каб куры нясліся ў сваіх будынках. Яшчэ курам на першы дзень Каляд сыпалі зернё ў абруч, каб яны пільнаваліся дому.

Другая каляда — Новы год.

Перад Новым годам быў Шчодры вечар (Шчодры). На Шчодры пяклі  блінцы, сало, каўбасу, варылі мясо, куццю.  Куцця ўжо была не посная – з косткаю. На Шчодры была багата вячэра.

Гаспадар прыносіў калядно сено, што хавалі ад першае Каляды, і зноў яго клалі на стол, накрывалі настольніцаю і ставілі на яго ўсю вячэру. Па вячэры сено зноў збіралі, звязвалі і выносілі з хаты да трэцяе Каляды.

Пасля вячэры старыя людзі клаліся спаць, а маладыя ішлі гадаць (варажыць). Гадалі ўсяк. Пяклі маленькія булачкі і пускалі ў вядро з вадою. Дзяўчаты загадвалі на якого хлопца, і калі булачкі на вадзе сыходзіліся, то значыць, што і гэта пара сыйдзяцца, пажэняцца. Пасля пускалі ў хату сабаку, і чыю булачку першу ён ухопіць, тая дзеўка хутчэй і замуж пайдзе.

Перакідалі цераз хату чаравік. Насілі дровы і лічылі па пары. Абдымалі плот і лічылі ляскі па пары.

Трэця Каляда — Крашчэнне.

Перад Крашчэннем зноў была посна Каляда.

На Каляду перад Крашчэннем людзі ішлі ў цэркаў і свянцалі воду. Як прыносілі дадому свянцонае вады, тады адно ўсе мыліся, хрысціліся, кожны браў нашча па глытку вады, а пасля ўжо садзіліся есці. Гэтаю свянцонаю вадою людзі мачылі сабе вочы…

Вечарам усе збіраліся на посну вячэру. Але на апошню Каляду трэба, каб абавязково была рыба, казалі: “Маці дзіця прадавала, а на апошню Каляду рыбу купляла”. Зноў варылі посну куццю, але ўжэ з фасоляю. Гаршчок з куццёю ставілі на сено на покуці, як і ў першу Каляду. Пяклі каляднікі – маленькія булачкі.  Зноў прыносілі калядно сено на стол, зноў яго накрывалі настольніцаю, ставілі тады на стол яду і пачыналі вячэраць.

Пасля вячэры зноў выцягвалі па сяніне кожны з пад абруса, рабілі з гэтых сянін перавясло і звязвалі ім лыжкі. Усё пакідалі начаваць на стале, збіралі са стала адно назаўтра ранкам.

Сено , што ляжало на стале, гаспадар свянцаў свянцонаю вадою, выносіў і аддаваў жывёлі.

Затым гаспадар браў каляднічок, крэйду, свянцону воду і хадзіў па ўсіх сваіх будынках, высвенчваючы іх, над усімі дзвярыма і вокнамі крэйдаю пісаў крыжыкі.

Добавить комментарий