Не так даўно я тут дзяліўся сваёй «знаходкай» — рэвізскай сказкай ад 1816 года, дзе між нашых вёсак — Куляны, Поланск, Заполле, Уласавічы — натрапіў на вёску Агароднік з палонскімі прозвішчамі. І мы тут ламалі галаву, дзе той Агароднік мог быць — ці гэта некалі так называлася частка Поланска, ці яшчэ якая мара. Што мы — нават бабу Насцю Жураву змусіў я паламаць галаву над гэтым Агароднікам. Думала-думала, кажа: «Ні помлю я, каб гэдык казалі». Яно і праўда, каб так называлася частка Поланска, ніхто са старых не помніць. Тады што?
Але неяк на днях праглядаў я тут на сайце, што мы панапісваць паспелі за гэты час, гэтаксама нешта кшталту рэвізіі рабіў. Знайшоў і сваю пісаніну адносна пытання пра адміністратыўна-тэрытарыяльную прыналежнасць Кулян да ХІХ стагоддзя, дзе мае разважанні грунтаваліся на мапах з Вялікага гістарычнага атласа Беларусі, давай праглядаць гэтыя мапы.
Адно ось вам і Агароднік:
Каля Поланска не шукайце, не. Глядзеце там, дзе Карасі.
Нагадаю, што ў трэцім томе Вялікага гістарычнага атласа Беларусі на старонцы 180 падаецца мапа XIX ст., калі мы ўжо былі ў складзе Слонімскага павету. А згаданая вышэй рэвізская сказка, гэтаксама нагадаю, датуецца 11 сакавіка 1816 г., і згодна з ёй жылі ў Агародніку людзі з прозвішчамі Гацук, Бурко, Пешка, Варабей, Дзейка, Сапко, Грушнік, Чыжык, Пухнарэвіч. Усяго 27 мужчынскага полу і 25 жаночага.
Неяк так. Іншага Агародніка пакуль не знайшлося.