Знарок не прыдумаеш

За польскімі панамі (да прыходу бальшавікоў у 1939 годзе) у кожным мястэчку было мноства розных яўрэйскіх крамак. А ў тых крамках — чаго адно душа пажадае, як у той песні — «ситец и парча». Абы грошы. З гэтым, што праўда, было цяжэй, але цяпер размова не аб тым.

 

Сярод розных іншых крамак была ў Ражане крамка нейкае яўрэйкі Басі, гандлявала яна тканінамі, якія, дарэчы, некалі так і называлі — крам. Тое, што самі ткалі дома — палатно, а калі купленае — крам.

Прыйшла аднойчы да Басі гэтай адна запольская цётка (от, не ўспомню ўжо, як яе называлі).

— Здароў, Басечка!

— Ааа, здароў, здароў. Даўно ты не заглядвала да мяне. Як пажываеце там? Як дзеткі гадуюцца? Як твая старэйшая — дзеўка ўжо, мабыць?

— Ой, Басечка, дзеўка ўжо мая Соня, і праўда дзеўка. Дык от за тым да цябе і прыйшла, што гэтым дзеўкам сённяшнім хочацца апранацца па модзе, са свайго ўжо шыць не хочуць — краму ім давай!

— Ооо, ну дык вядома! Дзе ты хацела — не тыя часы, вядома, што дзеўкам хочацца ў крамнае прыбірацца.

— Ага, дык от, Басечка, заказала мне мая Соня краму на спадніцу. За тым да цябе і прыйшла.

— Ой, дык ці праблема? Зараз адмераем. А якога табе?

— Ой, Басечка, забылася…

— Хм, то ўспамінай.

— Ато ж, далібог, Басечка, не магу ўспомніць, як яно называецца…

— Ну, то як я табе адмераю, як ты сама не ведаеш, што табе трэба?

— Ой, ведаю, Басечка, але ж забылася, як яно называецца… От, круціцца ў галаве, а ўспомніць не магу…

— Ну, ўспомні хоць, на якую літару яно пачынаецца, то можа здагадаямсё разам.

— Халера яго, Басечка, ведае, як яно там пачынаецца, чым заканчваецца. Але неко такоё названнё, пахожо на ё.. тваю маць.

— Ааааа! Крапмат?!.

— Ага, ага, Басечка! Крапмат! О, бач, такі ты дагадалася. То адрэж маёй Соні на спадніцу гэтаго крапмату.

Добавить комментарий