Пасляваенныя дакументы як сведкі эпохі

У архіве нашай сям’і захавалася вельмі шмат розных дакументаў пасляваеннае пары. Думаю, што такія «архівы» ёсць ці не ў кожнай хаце. Людзі, відаць, хутка зразумелі, што ў савецкай сістэме «без бумажкі ты букашка», таму захоўвалі кожную даведку, квітанцыю, іншы раз, здавалася б, нават зусім нязначную паперчыну. Але нават такія, нязначныя, ярка характарызуюць той час, добра паказваюць, як людзі жылі, чым жылі. Таму прапаную вашай увазе невялікую падборку такіх дакументаў. Частка з іх у мяне яшчэ не ўпарадкавана, з часам, думаю, дойдуць рукі і да іх. А пакуль тое, што ёсць.

 

Не паспелі прыйсці «Другія Саветы», як ужо абклалі сялян рознымі падаткамі. Вось даведка ад 08.10.1944, выдадзеная майму прадзеду Калачу Андрэю Мікалаевічу аб тым, што ён здаў шэрсць і з дзяржавай разлічыўся:

Справка_КалачАН

Вяршыня савецкага пасляваеннага маразму — халасцяцкі падатак, што браўся з жанчын. Гэта пры тым, што мужыкі палеглі на вайне. Ніжэй падаецца папярэджанне грамадзянцы Калач Клаўдзі Андрэеўне аб тым, што яна абавязана «заплаціць падатак на халасцякоў і маласямейных за 1945 г. і 1944 г. у суме 225 рублёў не пазней за 20 сакавіка 1946 г». Трэба ж так супасці — якраз да дня нараджэння бабе Клаўдзі тэрмін паставілі, такі «падарунак» своеасаблівы паднеслі. Далей гаворыцца, што «у адваротным выпадку вас перададуць у нарсуд і адправяць на працы у Мінск». Дата: 18.03.1946. Во тэрміну далі — аж цэлых два дні. Подпіс: старшыня сельсавета А. Якута (калі не памыляюся, гэта той палонскі, каторага дачка ў некай там пьянай сварцы забіла качаргой, ці чым, ужо пры маёй памяці). Як гэта яго называлі?.. От, забыўся.. Некая мянушка была ў яго цікавая…

Налог_холостяцкий

Ох, і праклінала баба Клаўдзя да апошняга дня савецкую ўладу за тое «халасцяцко»! Будзе, бывала, казаць: «Жартачкі! Падумаць адно — мужыкоў на вайне пазабівало, а яны з баб халасцяцко дзяруць! Каб з іх шкуры дралі на том свеці! Ух, я з імі, здаецца, адно за тоё халасцяцко нівядома што зрабіла б!»

Аднак, захаваўся цікавы «кампраметуючы» дакумент і на яе:

Лошадь

Знакі прыпынку, а дакладней іх адсутнасць, захоўваю: «Тов. Качан. К мне обращался Калач Андрей за лошадью Я ему сказал как его дочь ходит на работу так мы тебе будем давать лошадь. Но лично дело твое если хочешь дать дай лошадь а если нет лично дело твое ты бригадир и ты сам знаеш кому дать а кому нет. Пред. к-за — подпись». Так бы мовіць, працоўная перапіска паміж старшынём калгаса і брыгадзірам.

Такія вось часовыя пасведчанні выдаваліся сялянам:

Часовае_пасведчанне_Калач1 Часовае_пасведчанне_Калач_211

Часовае_пасведчанне_Сяргееу11Часовае_пасведчанне_Сяргееу_211

А было так, што з гэтым часовым паседчаннем не вельмі куды пасунешся. Каб выехаць з вёскі, трэба было рабіць пашпарт, а гэта магчыма было толькі з дазволу сельсавета, а дазвол такі не вельмі давалі. Дзядзька Алёша мой, чыё часовае пасведчанне прыведзена вышэй, хацеў некуды ехаць вучыцца, дык «Баярскі не даў пашпарта» — так пасля заўсёды казалі, як успаміналі гэтую гісторыю. І ўсё, і па хаценні, і па вучобе… А ў чалавека зусім па іншаму мог скласціся лёс. Але хто ў нас калі пра тога чалавека думаў?.. Вёску «пашпартызавалі» толькі ў сямідзесятых, ужо пры маёй памяці сталі пашпарты выдаваць сялянам…

Затое калгаснікі мелі такі вось дакумент:

Расчетная_книжка_колхозника Расчетная_книжка_колхозника_2

Я яшчэ такі вось:

Трудовая_книжкаТрудовая_книжка_2

Адпрацаваць у калгасе было мала, трэба было яшчэ ўдзельнічаць у іншых працах, у будаўніцтве дарог, да прыкладу:

Справка_КалачКА

І падаткі, падаткі, падаткі… Здай бульбу, здай мяса, здай воўну, усё здай…

Сельхозналог Сельхозналог_2 Поставка_картофеля

І будуць казаць, што Сталін за некалькі гадоў з пасляваеннай разрухі «страну падняў». Сталін, ці нашыя бабулі і дзядулі, ўцалелыя ад вайны, вынеслі гэтую «страну» на сваіх гарбах з тае разрухі?..

ИзвещениеИзвещение_2

Вызваленне_ад_падаткуВызваленне_ад_падатку_2

Цікавая даведка, выдадзеная майму дзеду:

 Мясо11

Дзед мой Колька у пасляваенны час некалькі гадоў быў «лавачнікам», як тады казалі. Лаўка тая, дарэчы, месцілася ў каморцы ў хаце Кулеўскага, на правах арэнды якой ці як, я ўжо не ведаю. Захавалася таксама некалькі цікавых дакументаў, датычных гэтай старонкі дзедавай біяграфіі:

Справка_СергеевН11

Мыло

Добавить комментарий