Для жыцця і для вас
Нараджаемся мы,
Вас адзіных на шчасце
І долю шукаем.
Там, дзе добрыя вы,
Не бывае зімы,
І цяжкой не здаецца
Дарога цяжкая.
Хто прывучаны ў здрадзе
Душою крывіць,
Апраўданню свайму
Той шукае прычыны.
Можам лепшымі быць,
Можам горшымі быць –
Усё залежыць ад вас,
Дарагія жанчыны.
Выспу здрады гатовы
Зраўняць мы з зямлёй,
Не расплешчам на пляму
Чарговую пляму.
Вашы белыя рукі
Быць могуць пятлёй
І арлінымі крыламі
Могуць таксама.
Беражыце сябе!
Даражыце сабой!
Каб ніхто ў вас пячынку
І тую не кінуў!
Каб за вас мы маглі
Хоць на смерць, хоць на бой!
Усё залежыць ад вас,
Дарагія жанчыны!