Для чалавека не з нашай мясцовасці загаловак можа здацца нейкай балібірдой: як цюркскі народ якуты, карэнныя жыхары Якуціі, могуць быць італьянцамі? Тутэйшыя ж ведаюць, што Якута — гэта мясцовае прозвішча. У Кулянах яно было даволі распаўсюджаным і, трэба зазначыць, што сустракаецца яшчэ ў самых першых крыніцах, дзе згадваецца наша вёска. Такім чынам, Якуты — гэта карэнныя насельнікі Кулян. Але ж цікавым было заўсёды паходжанне гэтага прозвішча, і ў мяне нават пра гэта пыталіся. Самае простае тлумачэнне, што напрошваецца неяк па сабе, натуральна, вядзе нас да назвы карэннага народа Якуціі. Але ў пытаннях этымалогіі самае простае тлумачэнне, часцей за ўсё, самае няправільнае.
Вось на якую цікавую рэч натыкнуўся я нядаўна.
Што такое джакузі, сёння вядома, мабыць усім. Але, думаю, далёка не ўсе ведаюць (як і я да нядаўняга часу не ведаў), што гэта няправільнае «амерыканскае» (англінізіраванае) вымаўленне італьянскага прозвішча Jacuzzi — Якуццы.
Вікіпедыя кажа, што фірма, якая стала вырабляць джакузі, была заснавана ў 1915 годзе адным з сямі братоў эмігрантаў з Італіі с прозвішчам Jacuzzi, якія прыкладна ў 1990 г. пераехалі ў ЗША. Першапачаткова фірма займалася вытворчасцю лятальных апаратаў, пазней — гідраўлічных помпаў для сельскай гаспадаркі. У сям’і братоў Jacuzzi аднаму з дзяцей быў патрэбны рэгулярны масаж, таму ў 1956 годзе Кандзідо Якуццы вынайшаў першы прататып гідрамасажнай ванны. Пазней гэтае вынаходніцтва было шматразова ўдасканалена і ўвайшло ў ангельскую ды іншыя мовы пад назвай джакузі.
Дык можа, пакуль тыя ў Амерыку, то які італьянец Jacuzzi (Якуццы) патрапіў да нас сюды, ды сталі яго тут называць Якута?..