На асеннія Дзяды на могілкі не хадзілі – ішлі ў цэркаў і давалі за ўпакой, прыпаміналі ўсіх памёршых родзічаў. А на вечар рабілі багату вячэру. На Дзяды заўсёды рэзалі бараноў.
Перад вячэрай уся сям’я збіралася, усе мылі рукі і ішлі да стала. Станавіліся ўсе каля стала і гаварылі пацяры (малітвы). Як пасядуць усе за стол, гаспадыня падыходзіла да дзвярэй, адчыняла іх і казала: “Просім, дзяды, вас на вячэру да нас”. І тады ўжо пачыналі есці.
Пасля вячэры зноў усе ўставалі і пацяры гаварылі. Са стала нічого не збіралі, усё пакідалі нанач дзядам, верылі, што ноччу дзяды прыйдуць вячэраць.
У гаду было Дзядоў трое: зімнія – перад вялікімі запускамі ў суботу, вясеннія – перад Троіцаю ў суботу, і асеннія. Але вячэры на зімнія і вясеннія Дзяды не было такое, асеннія Дзяды былі найбагацейшыя.
Запісана ў 1992 годзе ад Марыі Андрэеўны Сяргеевай (1910 г.н.), в. Куляны Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці
Ад рэдакцыі: Зьмітраўскія (Дзьмітраўскія) Дзяды ці яшчэ кажуць, Дзьмітраўска субота (Дзьмітраўка), Бацькоўска субота — адзначаецца штогод у суботу перад днём памяці вялікамучаніка Дзьмітрыя Салунскага, які выпадае на 8 лістапада (па старому стылю на 26 кастрычніка). Такім чынам атрымліваецца, што гэта кожны раз першая субота лістапада. У 2022 годзе — 5 лістапада.