125 гадоў з дня нараджэння Міхася Забэйда-Суміцкага

Сёлета спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння спевака-тэнара Міхася Забэйд-Суміцкага, якога некалі параўноўвалі з Энрыка Каруза, Ціта Скіпам, Леанідам Собінавым, іншымі славутымі мэтрамі опернага майстэрства. У свой час ягоны голас заварожваў мільёны сэрцаў у Еўропе, Азіі, Амерыцы.

Sumicki

На парозе жыцця

Нарадзіўся Міхась Забэйда 14 чэрвеня (а па старым стылі 1 чэрвеня) 1900 г. ў беднай сялянскай сям’і. Бацька, Іван Андрээевіч Забэйда, быў родам з Несцяровічаў (сёння — Свіслацкі раён). Памёр, калі Міхасю было ўсяго тры гады. Маці, Аляксандра Феліксаўна (у дзявоцтве Суміцкая) была з Шэйпічаў, што на Ружаншчыне. У іх было сямёра дзяцей, але да сталага веку дажыў толькі Міхась.

Дзе нарадзіўся спявак, дакладна невядома. У дзяцінстве, зразумела, яго гэта зусім не турбавала. Пазней, калі ўжо даводзілася запаўняць розныя анкеты, дакументы (вымушаны быў пісаць там радзіму бацькі — Несцяровічы), стаў пытацца ў маці, але тая была ўжо старая ды не памятала з той прычыны, што сям’я некаторы час батрачыла ў ваколіцах, казала: «…можа ў Падароску, а можа і зусім на лузе, бо быў у мяне такі выпадак — пайшла грэбсці сена ды там і рассыпалася». Версія з Падароскам, аднак, выглядае вельмі верагоднай, бо ў асабістым архіве спявак захаваў выпіску з метрычнай кнігі Садэльніцкай царквы аб народжаных у 1900 годзе. Відавочна, што  немаўля прывезлі (ці прынеслі) хрысціць у Садэльніцкую царкву не з-за свету, а Садэльнікі з Падароскам зусім побач.

Выпіска з метрычнай кнігі Садэльніцкай царквы аб народжаных у 1900 годзе.

Тым не меньш, для Міхася Забэйды дарагім і блізкім сэрцу кутком заўсёды былі Шэйпічы. Несяцяровічаў ён не памятаў зісім: «Ці была ты калі ў Несцяровічах? Пішуць, што я там нарадзіўся…» — пісаў спявак ўжо на схіле жыцця ў лісце да сваёй стрыечнай сястры Надзеі Казляк. Падароск увогуле ён амаль не згадваў. Тыя пятнаццаць гадоў маленства і дзяцінства прайшлі менавіта ў Шэпічах. Адсюль ён пайшоў у вялікі свет, сюды, ужо будучы вядомым спеваком, наведваўся. Тут дажыла век і была пахавана яго маці. Чытаючы ўспаміны-нататкі Забэйды, яго ліставанне з сябрамі, знаёмымі, сваякамі, раз-пораз ды сустракаем назву гэтае вёскі: «Часамі бачу ў сне наваколле Шэйпіч, рэчку Зяльвянку, дзе хлопцам купаўся, лавіў рыбу, тапіўся. Зімою коўзаўся, як трашчаў лёд…».

Блуканне па свеце

У 15-гадовым узросце Міхася Забэйду з родных Шэйпічаў, гэтак як і тысячы іншых беларускіх сем’яў, выгнала полымя Першай сусветнай вайны.

Міхась Забэйда — навучэнец Маладэчанскай настаўніцкай семінарыі.

Была Тамбоўская губерня, пасля Пенза, Смаленск, дзе ўдалося закончыць распачатую да вайны вучобу ў настаўніцкай семінарыі, пасля настаўнічаў у Сібіры.

z_vychniami

Настаўнік Міхась Забэйда са свамімі вучнямі. 1920 г.

 

Грамадзянская вайна, што ва ўсю бушавала тады на абшарах былой Расійскай Імперыі, зноў зрушвае з месца нашага героя, і ў 1920 г. ён апынаецца ў Маньчжурыі, а праз 2 гады — у яе культурніцкім і прамысловым цэнтры, Харбіне. Пасля наплыву сюды эмігрантаў-уцекачоў з Сібіры і Далёкага Усходу на пачатку 20-х гг. ХХ ст. гэты горад яшчэ больш «парусеў». Калі Парыж быў тады грамадска-палітычным цэнтрам расійскай эміграцыі, то Прага і Харбін уяўлялі сабой навукова-адукацыйныя цэнтры. Іх пазней будуць называць сталіцамі расійскай юрыдычнай адукацыі і міжнародна-прававой навукі расійскай эміграцыі. Харбін у гэты лік трапіў дзякуючы найперш такой навучальнай установе як Харбінскі юрыдычны факультэт.

Менавіта сюды паступае малады настаўнік Міхась Забэйда ўвосень 1925 года.  Вучобу спалучае з працай у гандлёвай школе, адначасова пачынае сур’ёзна працаваць над пастаноўкай голасу. Урокі браў у прафесара спеваў Юліі Платніцкай, былой пратнёркі па сцэне Фёдара Шаляпіна. З ёю малады спявак развучыў партыі Ленскага («Яўгеній Анегін» П. Чайкоўскага), князя («Русалка» А. Даргамыжскага) і Сінадала («Дэман» А. Рубінштэйна), з якімі неўзабаве ўвайшоў у харбінскую оперу.

Летам 1929 г. Забэйда скончыў Харбінскі юрыдычны факультэт і атрымаў дыплом другой ступені з правам на атрыманне дыплома першай ступені пасля прадстаўлення вызначанай працы. Фактычна гэта было запрашэнне ў аспірантуру. Але ж душа!.. Яе вабілі зусім не юрыдычныя навукі, яна імкнулася да спеваў. І Забэйда накіраваўся ў оперу, як пазней сам успамінаў, «думалі, што звар’яцеў, не хацелі верыць».

Дэбют на сцэне харбінскай опернай трупы ў ролі Ленскага атрымаўся не проста ўдалы — ашаламляльны! Літаральна на наступны дзень харбінская прэса ўзносіла да нябёс маладога артыста, адзначаючы, што той перасягнуў усе спадзяванні. Да 1932 г. Міхась Забэйда спяваў ужо 15 роляў, за сезон яму даводзілася выконваць 10 адказных партый. Пазней ён будзе называць харбінскі перыяд самым плённым у сваёй творчасці.

Хоць крытыка і глядач добра ўспрымалі спевака, а харбінская прэса безупынна хваліла яго талент, хацелася ўдасканальвацца, вучыцца. І Забэйда у 1932 г. ад’язджае ў Мілан — оперную сталіцу Еўропы. Там ён знаёміцца з майстрам спеваў Фернанда Карпі, які і стаў ягоным настаўнікам.

Дарэчы, у Мілане Міхася Забэйду лёс звёў з выдатным расійскім спеваком Леанідам Собінавым. Не дзіва, што яны хутка знайші агульную мову і пасябравалі — вельмі шмат падобнага было ў лёсах гэтых адораных Богам людзей. І да слова, Собінаў таксама спачатку атрымаў адукацыю юрыста, скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага універсітэта. Забэйда пазней згадваў Собінава як чалавека надзвычай прыемнага і зычлівага.

У Мілане наш зямляк з поспехам выступае ў операх «Травіята», «Рыгалета», «Фаўст», «Севільскі цырульнік» і іншых. Давялося, праўда, перавучваць усе ранейшыя партыі нанова, па-італьянску, аднак гэта не стала перашкодай. У хуткім часе Забэйда становіцца любімцам міланскай публікі, музычная крытыка дае толькі добрыя рэцэнзіі, яму прарочаць сусветную славу. Але з родных Шэйпічаў прыходзіць вестка аб тым, што маці моцна хварэе і хоча бачыць сына.

Зноў на Радзіме

У 1935 г. спявак вяртаецца на Бацькаўшчыну, якая у той час была пад Польшчай. Спачатку прыязжае часова, потым вырашае застацца, каб быць бліжэй да маці.

z_molad

Міхась Забэйда-Суміцкі на радзіме ў Шэйпічах з вясковай моладдзю. Каля 1939 г.

Першы канцэрт Міхася Забэйды-Суміцкага на Радзіме адбыўся ў Ружанах. Там прысутнічала і маці спевака. Выканаўшы некалькі розных твораў, артыст праспяваў калыханку, якую ў дзяцінстве яму спявала маці. Зала доўга пляскала, маці вымушана была выйсці на сцэну да сына, плачучы ад шчасця. А тая калыханка прайшла са спеваком праз усё жыццё, праз усе ягоныя канцэртныя праграмы, стаўшы візітнай карткай.

Адсюль пачынаецца новы этап у творчасці артыста. Менавіта цяпер і адбыўся той паварот у ягоным лёсе, які прадвызначыў далёка ўсё наперад. Забэйда прымае рашэнне канчаткова звязацць сваю творчасць з Радзімай, з роднай песняй, і гэтая повязь застанецца непарыўнай, нягледзячы на ўсе выпрабаванні лёсу. Дарэчы, менавіта цяперда да прозвішча, што засталося ад бацькі — Забэйда, — ён дабаўляе прозвішча маці — Суміцкі — у знак вялікай пашаны да яе.

На сезон 1935/1936 гг. артыст заключае кантракт з Познаньскай операй. Ізноў давялося перавучваць усе партыі, на гэты раз па-польску. Аднак з-за пагардлівага стаўлення з боку кіраўніцтва тэатра да беларусаў (а Забэйда не хаваў таго, што ён беларус) па заканчэнні кантракта спявак пераехаў ў Варшаву, дзе пачаў выступаць з канцэртамі і спяваць на радыё, абавязкова ўключаючы ў свае выступленні і родную песню. Гэта было няпроста, артыст шмат меў адсюль непрыемнасцяў, нават пагражалі турмой, але ён быў неадступны.

На радыёвыступленні Забэйды адгукнулася Вільня — тагачасная «сталіца» Заходняй Беларусі, цэнтр нашага культурніцкага і нацыянальна-вызваленчага руху. Хутка наладзіліся добрыя стасункі, а пазней і цеснае сяброўства з Рыгорам Шырмам, Максімам Танкам.

З 1937 г. Забэйда стаў ездзіць з канцэртамі па ўсёй Заходняй Беларусі і, нягледзячы на ўсе перашкоды, хутка стаў адным з самых вядомых і жаданых у Польшчы канцэртных спевакоў. І не толькі ў Польшчы — ягоныя канцэрты трансліравалі радыёстанцыі Парыжа, Лондана, Берліна, Прагі, Нью-Ёрка ды іншых буйных гарадоў свету. У 1939 г. было запланавана вялікае гастрольнае турнэ па Еўропе і Амерыцца. Аднак перашкодзіла Другая сусветная вайна. У «варшаўскім пекле» Забэйда пражыў амаль год, быў засыпаны ў разбураным доме, кантужаны, але неяк уратаваўся.

Ваеннае ліхалецце

У траўні 1940 г. Міхась Забэйда-Суміцкі атрымаў запрашэнне ад пражскага Народнага тэатра. Неўзабаве ён і пераехаў у Прагу. Напачатку з поспехам выступаў у тэатры. 12 кастрычніка 1940 г. ў Празе адбыўся яго першы канцэрт. «У напоўненым Сметанавым зале, дзе было больш за тысячу слухачоў, першы раз прагучала і беларуская песня…» — з гонарам узгадваў пазней спявак.

Поспехі артыста перад пражскай публікай зусім не цешылі акупацыйны рэжым, і ў хуткім часе яго пачынаюць абвінавачваць у тым, што займаецца славянскай прапагандай. Становішча яшчэ больш ускладнілася, калі Германія напала на Савецкі Саюз. Забэйду выклікаюць у Берлін і прапаноўваюць узначаліць беларускія радыёперадачы на Берлінскім радыё. Пратрымаўшы 3 дні і не дамогшыся згоды, яму дазваляюць вярнуцца у Прагу. Там чакае іншая прапанова: калі хочаш выступаць у тэатры, то павінен праявіць сябе палітычна. Давялося адмовіцца ад тэатра.

Ад гэтага часу Забэйда-Суміцкі стаў ездзіць з канцэртамі па запрашэннях. Неаднойчы наведваў і Беларусь, тройчы быў у Мінску. Ён быў перакананы, што «песня рабіла сваё, яна абуджала ў людзях найлепшыя пачуцці, прабуджала волю да барацьбы за вызваленне ад акупантаў». Захаваліся сведчанні ўдзельнікаў партызанскага руху, паводле якіх артыст свае ганарары ад канцэртаў перадаваў партызанам на медыкаменты і іншыя патрэбы.

Пражскае паўстанне і канец вайны засталі Забэйду ў Празе. Старажытная Злата Прага назаўсёды прытуліла беларускага выгнанніка.

Жыццё, прысвечанае роднай песні

У 50-х гг. ХХ ст. спявак перыядычна выступаў на радыё і прымаў удзел у канцэртах, выконваў народныя беларускія песні, песні чэшскіх, славацкіх, украінскіх і расійскіх кампазітараў. Калі ў Прагу сталі даходзіць савецкия творы, спявак стаў падбіраць усё, што падыходзіла яму па голасе, многія з гэтых твораў прагучалі ў Празе ўпершыню менавіта ў ягоным выкананні. Зарабляў прыватнымі ўрокамі вакалу, меў шмат вучняў, якія сталі ў Чэхаславакіі папулярызатарамі беларускай песні, прадаўжальнікамі Забэйдавай справы.

Быў пастаянным удзельнікам розных вечарын, што праводзіліся ў клубе чэхаславацка-савецкай дружбы, яго часта запрашалі выступіць там то з нагоды чарговай гадавіны сталінскай канстытуцыі, то з нагоды чарговай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі і інш. Пасля прысылалі лісты падзякі за такія выступленні (іх у архіве спевака засталося шмат).

У часы хрушчоўскай адлігі паступова наладзіліся кантакты з Радзімай, узнавілася перапіска з сябрамі, найперш з Рыгорам Шырмам і Максімам Танкам. Пра спевака пачалі патроху ўспамінаць на Бацькаўшчыне, дзякуючы паэту Сяргею Грахоўскаму з’явілася некалькі перадач на беларускім радыё, былі і нарысы ў газетах.

Намаганнямі дзеячоў беларускай культуры ў 1963 г. адбыліся гастролі Міхася Забэйды-Суміцкага на Бацькаўшчыне. Паводле прызнання самога артыста, гэтае запрашэнне з гастролямі сталася для яго «вялікай ўзнагародай за ўсё тое, што прыйшлося выцерпець, несучы нашу песню ў свет».

Сустрэча М. Забэйды-Суміцкага ў Менску на чыгуначным вакзале ў 1963 г. Падносіць кветкі Ніна Гілевіч.

Сустрэча М. Забэйды-Суміцкага ў Менску на чыгуначным вакзале ў 1963 г.

Аднак больш прыехаць на радзіму не давялося.

Падчас гастроляў у Польшчы напрыканцы 1965 г. Міхась Забэйда ў канцэртнай зале Варшаўскай філармоніі пад акампанемент славутай лодзінскай капэлы мандалістаў Эдуарда Цюкшы наспяваў на кружэлку 11 беларускіх народных песень. У 1968 г. ў чэскай фірме Suprafon выйшла яго новая кружэлка, якая змяшчала 17 песень і рамансаў беларускіх кампазітараў. Артысту вельмі хацелася, каб гэтыя песні гучалі і на Радзіме, але колькі не прасіў аб гэтым, каму толькі не пісаў — усё безвынікова. «Шкада, што Мінск не скарыстаў з майго падарожжа ў 1963 годзе на Радзіму і там не зрабілі грамзапісаў. Мусіць, забыліся, што чалавек не вечна жыве… Магу тут зрабіць новую даўгаігральную пласцінку беларускіх песняў, калі Беларусь замовіць хаця б 600 экзэмпляраў. Савецкі Саюз купляе ў Чэхаславакіі кожны год 200 тысяч пласцінак. Думаю, што на 8 мільёнаў беларусаў можна было б замовіць 600…» — з крыўдай у сэрцы пісаў ён у адным са сваіх лістоў.

9

Міхась Забэйда-Суміцкі ў апошнія гады жыцця (каля 1980-га).

Памёр Міхась Забэйда-Суміцкі 21 снежня 1981 г. Пахавалі яго сябры і музычная грамадскасць Прагі на Альшанскіх могілках. Падчас развітання з артыстам, як рэквіем, гучала ў запісе на кружэлцы тая самая, вядомая ўжо тысячам слухачоў, матчына калыханка.

Добавить комментарий