— Саўсім не пілі, саўсім! Маладзёж саўсім не піў. Жанатыя то пілі гарэлку. От, гуляюць, музыку наймуць, як прыйдуць Коляды, на ўсе свята, на тры дні. Вытанцоўваем. Цвярозыя ўсе, як адзін. А хай прыйдзя вучыцяль у школу да ўгледзіць, што каторы хлопяц у шапцы – так і прабірая. Як адно ў школу ўвайшлі – шапкі ўсе паздымалі, усе культурныя, усе, маладзёж. А сёні… што сёні? Сёні гэта гарэлка памучыла ўсіх. За гарэлку ўсе пагібаюць.
Не ругаліся, о, не! Не, сахрані, Божа! Ніхто нічого. Хай хто правініцца – і саджаюць на байкот ужэ. Хай заругаяцца, дзе ні трэба! Можа дзе там пры рабоці яны і ругаюцца, хто іх ведая, а ў кампані – сахрані Божа! Хай каторы заругаяцца – на байкот! Ніхто з маладзёжу каб да яго ні гаварыў, ні хадзіў, і ён у кампаню каб ні хадзіў. Сядзі ў хаці.
Красці не кралі. Ой, хай букрэя! А ад каго красці? А што красці, ад каго? У кожнаго свая гаспадарка, у каго веліка, та той абрабляя з труднасцю, з цяжасцю, а ў каго малая, абробіць сваё і пайдзе да Краельскаго на заробкі, пайдзе куды да людзей, у каго хазяйство большо. Але красці ніхто ні ў кого ні краў нічого, не было ніякае гэдыкае моды дурное. А сёні та хай букрэя!
Ой, была культура, было добро-добро! Але хацелі яшчэ нечаго лепшаго – Савецкае ўласці.
Мне яшчэ ні было 19 лет, як прыйшлі бальшавікі. Ужэ было ні тоё.
А потым ужэ стаў калхоз дый сталі красці, сталі пхаць у карманы да запазуху, ды кругом, тыя картофлі, у землю закопваць да вечарамі бегаць адкопваць. Ужэ пайшло саўсім другоё. А ні было рубля дзе зарабіць, а рабілі на што – на капейкі, на палачкі у калхозі…
Запісана ў 2003 годзе.