Прапаў, як кампора

Гэты выраз усе мы чулі вельмі часта з ранняга дзяцінства, асабліва ад старых. Калі нешта паклалі, а пасля шукаюць і не могуць знайсці, кажуць: “Прапаў (прапала), як кампора…”. Не ведаю, як вам, а мне, памятаю, малому, гэтае слова заўсёды падавалася смешным, і было дужа цікава, што гэта за кампора такая, што яе так часта ўзгадваюць, як бы гэта на яе паглядзець…

Звычайна выраз “Прапаў, як кампора” ўжывалі адносна нейкай рэчы, нежывога прадмета, але маглі так сказаць і пра чалавека. Дарэчы, выраз гэты, відаць, па Беларусі быў дастаткова распаўсюджаным, бо і ў паэме Якуба Коласа “Сымон-Музыка” чытаем:

– А дзе ж хлопчык твой, дзядуня?

– Няма, панюхна, няма

Ні за клуняю, ні ў клуні,

Вось шукаю, ды дарма, –

Ну, знік проста, як кампора…


Ой, праспаў яго, праспаў!

Ой жа ліха, гора, гора!

Я без хлопчыка прапаў!

У згаданай паэме Я. Коласа тут жа падаецца і зноска: Кампора (камфора) – цвердае, лятучае рэчыва.

Слова камфора (ці камфара) нам вядомае больш – гэта бескаляровыя лёгкалятучыя крышталікі, яшчэ больш вядомы нам камфарны алей, што ўжываецца ў медыцынскіх мэтах. Камфора лёгка ўлятучваецца, знікае, прападаетут была, а тут няма.  Як бачым, усё проста.

А што датычыць змены гука “ф” на “п”, то гэта ўжо асаблівасці нашай беларускай мовы – спрадвеку гук “ф” ёй быў неўласцівы, не характэрны, таму ў народных гаворках заўсёды замяняўся на “п”, альбо “х” ці “хв”: Хведар, хранцузы (пранцузы), хвасоля (у многіх рэгіёнах Беларусі кажуць “пасоля”) і г.д. Вось паводле гэтага правіла і камфора стала кампорай.

Аднак, пагадзіцеся, сказаць “Прапаў, як камфора” будзе і не так арыгінальна, не так смачна і каларытна. А зусім па-іншаму гучыць наша, роднае, чутае намі сотні разоў ад нашых бабуль і дзядуль: “Прапаў, як кампора”! Яно не проста гучыць, яно пахне! І пахне не характэрным, злёгку едкім пахам камфары, а водарам нашага дзяцінства, светлы ўспамін аб якім кожны з нас захавае да апошніх дзён свайго жыцця.

Добавить комментарий