Я некалі пісаў аб тым, што наш зямляк — ураджэнец вёскі Заполле, вядомы калісьці оперны і эстрадны спявак Павел Пракапеня ў 1943 г. здымаўся ў фільме «Шатландская мазурка». Гэты фільм рабіўся на замову Польскага ўраду, што знаходзіўся на эміграцыі ў Лондане, і меў на мэце паляпшэнне ўзаемаадносін паміж шатландскай супольнасцю і польскай арміяй, якая ў той час дыслацыравалася ў Шатландыі. У фільме паказаны польскія салдаты, рэканструіравана сцэна атрымання імі пошты, ёсць пастановачныя сцэны сустрэчы палякаў і шатландцаў у сельскай мясцовасці, рамантычныя ўзаемаадносіны вайскоўцаў з мясцовымі дзяўчатамі. Дык вось, гэты фільм можна паглядзець на YouTube, Пракапеня выконвае там песню «Hej, ty Wisło, modra rzeko», спевака паказваюць з 7.10 па 7.22 хв.
А вось знайсці хоць некалькі кінакадраў з Міхасём Забэйдам-Суміцкім пакуль нікому так і не ўдалося. Што вельмі дзіўна — чалавек жыў і працаваў у эпоху тэлебачання. Ды і кінакамеры прыватныя ў той жа Чэхаславаччыне ўжо былі не рэдкасць. Але, на жаль…
