Нарадзілася наша Клаўдзя Андрэеўна Калач рыхтык у гэты дзень, 20 сакавіка, 1920 г. у Разанскай губерні, дзе сям’я была ў бежанстве. Пражыла 84 гады, пяць апошніх — у мяне, бо сляпой трэба было дажываць свой век, навобмацак хадзіць.
А так лёс пакідаў па свеце, іншы раз, як стане ўспамінаць: «У Германіі была, у Расеі была. І дзе я адно ні была — хіба ў воўчуй сраццы… У Мінску жыла, і прыпіска была мінская, та не, некае халеры паперло ў гэтыя Куляны, каб яны праваліліся… А цяпер яшчэ трэба ў Баранавічах сядзець на этажах…».
Артыска была, спяваць надта любіла. Каб пры лепшым раскладзе лёсу, можа і патрапіла б хоць у калектыў які творчы. Але колькі такіх артыстак і артыстаў было адно ў Кулянах!..