Памерла Райка Мышачкіна

Сёння, у нядзелю 28 верасня, яшчэ адным жыхаром у Кулянах стала меньш — памерла Райка Мышачкіна (Раіса Пятроўна Храпавіцкая, па мужу Царкова). У сакавіку наступнага года ёй споўнілася б 70. Недажыла.

 

Узрост яшчэ зусім не стары, аднак, як падумаць, колькі за жыццё на яе бедную галаву ўсякага ліха выпала, то як чалавек мог гэта ўсё і вытрымаць. Брата такім маладым трэба было пахаваць, калі не памыляюся, у войску недзе радыяцыі схапіў, што і стала прычынай заўчаснай смерці. З сынам Жэнікам гэтулькі трэба было памучыцца і самой, і Мышачцы на старасць гадоў было гэткае пекла з ім, калі яго «саслалі» з Піцера да бабулі ў вёску. Кажуць, залежны быў ад азартных гульняў, таму маці і палічыла за лепшае запіхнуць яго ў Куляны, далей ад цывілізацыі. Аднак тут іншая залежнасць не давала жыць па-чалавечы, але каб адно яму… Ой, зазнала баба Сонька Мышачка!.. Не дай, Божа…

Самой Пятроўне, бач, трэба было развесціся з мужыком, пакінуць той Піцер, столькі гадоў там пражыўшы, і вярнуцца ў Куляны. Зімой у Ружанах жыла (там кватэру купіла), а на вясну-восень — у бацькоўскай хаце. Адна-аднюсенька засталася, нікога з блізкіх. То не было каму і на жыццё сваё скардзіцца, на хваробы свае, хоць здароўя не было ўжо даўно. Аднак яшчэ ў грыбы хадзіла, разлічвала жыць, зімаваць…

Заўсёды з усмешкаю, заўсёды прыветлівая, заўсёды лагодная, інтэлегентная. Заўсёды светлая.

Няхай жа і памяць аб ёй будзе такой жа светлай…

Добавить комментарий