Дасведчаныя некалі людзі былі, як успамінаю старых — на ўсё ў іх быў жыццёвы досвед, нават па дробязях, пра якія іншы раз, здаецца, і не задумаўся б.
Неяк нядаўна згадаўся ідзін, здавалася б, зусім мізэрны выпадак.
Трэба было мне літар гарэлкі, самагонкі, вядома ж. За нешта некаму трэба было праставіцца ў Баранавічах. А кулянскаю самагонкаю то не брыдка было б прастаўляцца і ў Маскве на выстаўцы, не адно ў Баранавічах. Каму і за што — далібог, не помню. Можа адно-адно на заводзе пачаў працаваць, а можа і вучыўся яшчэ. Не магу ўспомніць, на якую патрэбу. Але помню добра, што яшчэ пацаном быў зялёным, мо гадоў сямнаццаць…
Прыехаў, кажу маці: так і так. А свае гарэлкі не было нешта якраз. Маці дамовілася з цёткай Волькай Хадачковай, каб прадала. Гэта было сама надзейна, бо ў цёткі Волькі гарэлка была будзь здароў! Цымас, а не гарэлка! На ўсю Паплаўку то хіба яшчэ ў бабы Зосі была такая — дзынгяр! Такое нейкае слова было ў ейным лексіконе на гэты выпадак. Некалі мы гналі ў яе ня раз, то бывала, як адыме пяршак, як страсяне і будзе казаць у захапленні: «Ооо! Дзынгяр!». Гэта значыла, добрая гарэлка, крышталь ці нешта накшталт таго. Але мяне, як заўсёды, трохі занесла ў бок, бабу Зосю ўжо ўспомніў… Вернемся да цёткі Волькі.
Дае мне грошы маці — ідзі, усё дамоўлена. Іду.
Прыхожу да цёткі Волькі. Тая, як мурашка, нешта каля хаты завіхалася, як заўсёды. Ўбачыла мяне:
— Ага, ага, Сашка, зайходзь у хату, зараз я прынясу.
Я ў хаце выстаўляю дзве бутэлькі пустыя, што захапіў з сабой. Яна прыносіць слоік, лейку. І налівае пад самы корак, пад самусенькі.
Я кажу:
— То куды вы ўжо гэтулькі льяце? Гэто ж лішнія пятьдзесят грам…
А яна будзе адказваць:
— Ой, не, Сашка, маўчы! Ты ні панімаяш, дзіця: табе ж у дарогу, у людзях ехаць, а яно, як не поўно, будзя ў сумцы: буль-буль, буль-буль…