Арлёнак

Быў травень 2008-га. Па выхадзе мае кніжкі пра Міхася Забэйду-Суміцкага “Песняй даваў людзям радасць…” землякі прапанавалі зладзіць прэзентацыю гэтага выдання ў Пружанах. Вядома, што з радасцю пагадзіўся: прыемна, калі на малой радзіме шануюць сваіх землякоў (гэта я ў большай ступені адношу да персоны героя кніжкі і зусім трошкі – да персоны яе аўтара).

 

Перад пачаткам імпрэзы, якая адбывалася ў літаратурнай гасцёўні цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Засіма, падыйшла да мяне немаладога веку жанчына ў прыгожым нацыянальным строі (як пасля мне стала вядома, мясцовая спявачка Валянціна Слабада):

—  Дык Вы, значыцца, з Кулян самі будзеце? – пытаецца ў мяне.

—  Але, з Кулян.

—  То мы землякі – я з Мелехавіч!

—  О! Праўда? Якая прыемная нечаканасць! – шчыра здзівіўся я, бо, не ведаю чаму, але ніяк не чакаў сустрэць у Пружанах чалавека менавіта з Мелехавіч. Каб з Поланска ці Заполля, Блізное або Магілёўцаў , а то – з Мелехавіч. З іншага боку, мала, што другі раён і нават вобласць, але як ад Паплаўкі, то Мелехавічы будуць найбліжэй па адлегласці за якую іншую вёску, то дзіва, што землякі!

—  Так, – кажа спявачка, – я й кулянцаў многіх ведаю – некалі ж разам хадзілі ў школу да Зеляневіч.

—  Але, праўда, ведаю, што нейкі непрацяглы час кулянцы хадзілі ў школу ў Зеляневічы, недзе адразу пасля вайны, бо мой бацька быў з 44-га, то ён ужо не хадзіў туды, а тыя, хто за яго старэйшыя былі…

—  Ну, – пацвярджае спадарыня, – некалькі гадоў гэтак было. Алёша Храпавіцкі хадзіў са мною ў адзін клас. Як ён там?

—  Няма ўжо, — кажу, — Алёшы, памёр, гадоў ужо можа з пятнаццаць…

—  Ааа, бач, памёр, – шкадуе спявачка, і раптам твар яе прасвятляецца: — А Арлёнак? Як там Арлёнак?..

 

…Калі б не адна размова ў нашай сям’і, я б нават і не ведаў, аб кім у мяне пытаюцца. Мы ведалі свайго суседа Валодзіка Антонавага больш па мянушцы Дзёрык. А неяк аднойчы, памятаю, бацькі сталі распавядаць, што ў дзяцінстве ён меў вельмі прыгожы і звонкі голас, спяваў у школьнай самадзейнасці. Нейкі час на рэчцы Зальвянцы (неде тут пры дарозе, што ідзе ад Паперні да Ярашэвіч, каля Вадапоя) штогод ладзіліся моладзевыя фестывалі – прайходзілі канцэрты, танцы, іншыя мерапрыемствы ў стылі тае эпохі. На адным з такіх канцэртаў аднойчы аб’явілі, што зараз у выкананні вучня Зеляневіцкай школы Уладзіміра Прэдка прагучыць песня “Орленок”. Казалі, што ў прысутных стыла кроў у жылах, калі над узлескам і лугам звінела:

 

Орлёнок, орлёнок, взлети выше солнца
И степи с высот огляди.
Навеки умолкли весёлые хлопцы,
В живых я остался один….

 

Дарэчы, гэтая культавая савецкая песня «Орленок» была напісана ў 1936 годзе паэтам Якавам Шведавым на музыку кампазітара Віктара Белага да спектакля Тэатра Моссавета “Хлопчык” драматурга Марка Даніэля. Сама ж п’еса першапачаткова з’явілася на ідышы і мела назву “Зямка Копач”, а падзеі ў ёй адбываліся ў часы Грамадзянскай вайны на тэрыторыі Беларусі, блізу Маладзечна. Гэта ўжо пазней у песні з’явіліся радкі пра нейкія там бурацкія стэпы…

А Валодзік з поспехам яшчэ не на адным канцэрце выконваў гэтую песню, таму ў хуткім часе яго і сталі называць не інакш як Арлёнак. Да некаторых пор… Бо мы, дзеці, як казалася вышэй, ведалі яго ўжо пад іншай, нейкай насмешлівай мянушкай Дзёрык, паходжанне якой, напэўна застанецца невядомым, ды і Бог з ім…

 

А па вулічнаму іх называлі Антонавыя. Я яшчэ памятаю нашу суседку бабу Маню Антонаву, маці Валодзіка. Па ўспамінах, вельмі харошая была бабулька, добрая. Памятаю (а было мне мо гадоў тры), як на Вялікдзень яна частавала мяне яйкам валачоным, як у нас называлі, і тлумачыла, чаму яно простае, не пафарбаванае, кажа: “Дзед наш памёр у гэтым годзе, то сёлета нельга нам яйкі фарбаваць”. Запомнілася мне гэта. Але мая памяць не захапіла ні самога дзеда, ні ягонага пахавання.

Але памятаю, як Мішу іхняга хавалі, Валодзікавага брата (мне было ўжо можа гадоў пяць – шэсць). Здаецца ў Мінску ён жыў, ці дзе… Быў, мабыць, самы маладзейшы з іх трох братоў. Чамусці запомнілася, як жанчыны перагаворвалі менавіта Валодзікавыя словы: “Дурак он – сам на себя руки наложил”…

Валодзік заўсёды размаўляў па-руску, хоць большую частку жыцця пражыў у Кулянах і збыўся тут. Некалькі гадоў, казалі, быў на заробках у Манголіі. Сямейнае жыццё нечаму не склалася, шлюб з Маняй Панасікавай працягнуўся некалькі гадоў, дый разышліся, засталася дачка Света, пра якую ў мяне з дзяцінства засталіся вельмі цёплыя ўспаміны – як старэйшыя, яны з Валяй Гаўрылавай, у Паплаўцы ладзілі нам, малым, нейкія гульні, конкурсы, прызы нават, памятаю, нейкія ўручалі, медалі рабілі.

36s

Вяселле Валодзіка Прэдка і Мані Панасік

Валодзік недзе быў некалькі гадоў, не ведаю, дзе, мяне тады яшчэ такія рэчы абсалютна не цікавілі. А пасля вярнуўся ў Куляны, працаваў трактарыстам і жыў у гэтай бацькоўскай хаце адзін, як воўк (маці ўжо збылася).

Доўгімі зімовымі вечарамі ішоў да нас нібыта “на цілівізар”, але больш, мабыць, каб пагрэцца. Бо дроў ніколі не нарыхтоўваў на зіму, і не на зіму гэтаксама. Не меў паняцця да нарыхтоўкі дроў. Зусім. Перш платы ўсе спаліў вакол свае сядзібы, бывала, як адно прыцямнее, так і трашчаць ляскі ад плоту, завідна ён гэта рабіць неяк саромеўся. Пасля будкі ды прыбудоўкі якія былі з дошак, паразбіваў, папаліў. А як тыя прыбудоўкі вакол хаты ды хлява зніклі, то можа ніхто пасля таго і не бачыў дыму над яго комінам. Тэарэтычна, вядома, можна ж было яшчэ і хлява разабраць, спаліць, ды і ліпы, клёны стаялі такія велічныя па ўзмежку, але ж гэта ўжо працы колькі… Адным словам, хлеў і дрэвы засталіся цэлымі. Як ён там зімаваў у халоднай хаце, Бог яго ведае.

 

Гэтыя дровы сталі неяк ужо прадметам жартаў і анекдотаў.

Няраз бацьку майго спрабавалі падтруніць, што, маўляў, нялёгка нарыхтаваць дроў, каб хапіла на зіму і сабе, і Валодзіку. Але бацька такія абвінавачванні ў бок суседа адразу адкідаў – няпраўда, не заўважалі ніколі, каб хоць палена якое прапала. Які ўжо ён ні быў, той Валодзік, але злодзей – не пра яго…

Памятаю пры мне аднойчы гісторыя адбылася. Пачаліся тады праблемы з саляркай, лазня кулянская працавала нерэгулярна, дый пайшла гутарка аб тым, што будуць мяняць кацёл у лазні, каб на цвёрдае паліва – дровы, вугаль.  Абмяркоўвалі гэтую праблему якраз трактарысты на трактарным стане ў Поланску, нехта кажа:

—  Во, часы насталі, зараз будзе так: як у лазню ідзеш, то бярэмя дроў бяры з сабой – тады памыешся.

Бацька мой будзе казаць:

—  Не надта гэта справядліва: якое бярэмя я, худы, вазьму, а якое Алёша Цукер са сваім пузам – тры палены.

Зарагаталі мужчыны. І Валодзік рагоча. А Цукер жа быў такі, што палец у рот не кладзі, знайшоў адразу на кім адыграцца, павярнуўся да Валодзіка:

—  Што “гы-гы-гы”? Я то вазьму, прынясу тых дроў, хоць па тры палены, хоць як. А вось дзе ты возьмеш? Як ты будзеш у лазню хадзіць?..

Знік той Валодзік адразу, памаркатнеў – ужо з яго сталі ўсе смяяцца…

Не раз таксама мой бацька расказваў і такую гісторыю. Дапяклі Валодзіка ўжо ўсе гэтымі папрокамі пра дровы, ды й брат старэйшы, Алёша, што ў Зеляневічах жыў, гэтаксама яму пастаянна выгаворваў, маўляў, як гэта так, каб ты, мужчына, і не мог сабе дроў нарыхтаваць… Аднойчы закамандаваў Валодзік, каб Алёша машынай прыехаў ды яшчэ і грузчыкаў захапіў – паедзем, маўляў, па дровы, нарыхтаваў . Прыехалі ў лес, ходзіць той “нарыхтоўшчык”, чухае патыліцу: “А где же они? Я же их здесь сложил…”.  Пяройдзе на другое месца, а з тога – зноў на іншае: “Ну я же их где-то здесь оставил… Ну, куда же они подевались?.. Неужели кто-то украл?..” Адным словам паглядзелі на гэты “спектакль” трохі тыя грузчыкі, плюнулі ды й паехалі… Больш Валодзік і не рабіў нават ніякага выгляду, што ён нейкія там дровы нарыхтоўвае – няма ды й няма дроў. Так і жыў. Так і зімаваў.

 

Стараўся, праўда, зімой у бальніцу легчы – там і цёпла, і кормяць хоць як. Але на гэта вельмі і старацца не трэба было, бо здароўем быў слабы. Ды і адкуль тое здароўе магло быць пры такім ладзе жыцця?.. Але ж усю зіму ў бальніцы трымаць ніхто не будзе…

То от, прыйдзе, бывала, вечарам да нас на той “цілівізар”, сядзе на кухні каля самае пліты, бо нібыта курыць, то каб дым – у комін. А сам гатоў, здаецца, усесціся прама на тую пліту, што цэлы вечар паліцца. Мы будзем сядзець усе ў тым пакойчыку, дзе тэлевізар, а ён на кухні каля пліты і праз дзверы паглядае на кіно, ці што там ідзе… Пагрэецца гэтак вечар, а пасля ідзе ў сваю халодную хату начаваць.

Вячэраць маці наша будзе запрашаць, то не, не ўгаворыш, хоць ты невядома што, ды і стараўся, што праўда, прыйходзіць пазней, як павячэраем. От, калі якія госці ў нас, то чарку вып’е, на гэта доўга ўгаворваць не трэба было. А да ежы быў раўнадушны (ці саромеўся). Хоць, як падумаць, што ён там дома еў, чым харчаваўся?..

Або дровы калі пілавалі, гэтаксама гэта ўжо быў анекдот. Бензапіла ў той час была толькі ў Сайка і Фіські, і бацька звычайна прасіў ці аднаго, ці другога. То ўжо добра ведалі: як толькі справа падыходзіла да канца, праз кусты, праз слівы гэтыя, што паміж намі, ўжо зараз будзе ісці Валодзік нібыта на дапамогу. Тае дапамогі і непатрэбна было – на гэта былі мы, дзеці, каб калодкі адкідаць убок. Але падыйдзе, пару апошніх калодак адкіне, і калі ўжо перайходзілі да этапа “мыйце рукі – ідзіце ў хату”, то, вядома ж, разам з тым Фіськаю ці Сайкам і Валодзіка трэба было клікаць да стала. Зноў жа, выключна дзеля чаркі, а не каб паесці…

Гэтак і жыў чалавек. З гадамі ўсё часцей і часцей па бальніцах…

Я ўжо вучыўся ў Баранавічах. Быў можа год 1988 ці 1989-ты. Аднойчы прыехаў на выходныя дадому, маці кажа:

—  Валодзіка пахавалі на тыдні. Памёр у бальніцы.

 

Сваёй мелехавіцкай зямлячцы распавядаць усю гэтую гісторыю, вядома, тады ў Пружанах у мяне не было часу. Сказаў кораценька, што Арлёнак – мой сусед быў, што жыццё ягонае неяк не заладзілася, што збыўся чалавек…

—  Ааа, шкада, бач, — прамовіла спявачка, — я яго часта па жыцці ўспамінала, думала, можа артыстам якім стане, здаецца і сёння чую ягоны гэты пранізлівы голас: “Орленок, орленок, взлети выше солнца…” Як мы ім усе захапляліся!..

 

Прэзентацыя кніжкі прайшла добра, і афіцыйная, і неафіцыйная частка – землякі пастараліся як найлепш. Да станцыі Аранчыцы мяне падвёз Мікола Папека, аб нечым размаўлялі. А ў цягніку думалася і пра Забэйду, і пра Арлёнка. Адразу прыпомніліся радкі Я. Коласа з паэмы «Сымон-музыка»:

Эх, чаго нам не прыйшлося,

Брацце мілыя, ужыць!

Колькі талентаў звялося,

Колькі іх і дзе ляжыць

Невядомых, непрызнаных,

Не аплаканых нікім,

Толькі ў полі адспяваных

Ветру посвістам пустым!

А яшчэ ўзгадалася, як Забэйда-Суміцкі, разважаючы пра свой лёс, вельмі часта паўтараў: “Чалавек – раб абставін!”. У нейкай ступені яно, напэўна, так. І хто ведае, можа павярніся толькі аднойчы абставіны да Арлёнка іншым бокам, або сустрэнься яму ў жыцці толькі адзін патрэбны чалавек, і мелі б мы свайго кулянскага Раберціна Ларэці, а я б пісаў сёння кніжку не толькі пра Забэйду ці Пракапеню, што нарадзіліся ў суседніх вёсках, але й яшчэ пра аднаго знакамітага спевака, што нарадзіўся на суседнім пляцы…

 

Сёння гэты пляц, як і многія іншыя, парос пустазеллем. Не памятаю, хто першы памёр – Валодзік, ці старэйшы яго брат Алёша, але неяк хутка па смерці Валодзіка хату Антонавых нашчадкі прадалі разам з тым уцалелым хлявом пад перавоз, не ведаю, куды яна паехала. Засталіся толькі падмурак з праваленым пограбам, які ўжо суседзі завалілі смеццем, вялікі здзічэлы сад, што некалі кожнае лета заманьваў нас малых сакавітым белым налівам, ды велічныя старыя ліпы на сумежжы ад нас.

 

Добавить комментарий