Нямецкі пудынг

Загаварылі во нешта з сябрам, выйшла з гутаркі, расказаў яму адну гісторыйку. А пасля думаю: чаму й вам не расказаць?…

 

Баба Клаўдзя мая некалі стала апавёдваць, як была на прымусовых працах у Германіі пад час Другое Сусветнае вайны. Былі яны там разам з Маняю Хадачковаю (Сцяпанковаю), разам іх вывезлі, разам і вярнуліся.

А прывезлі іх адразу ва Усходнюю Прусію, пад Аструду, да баўэра працаваць. Нават прозвішча баўэра памятала — Мейка. Па польску з імі гаварыў, цалкам маглі разумець адныя другіх. У рэгіёне, дарэчы, сельская гаспадарка была на высокім узроўні — Аструда адказвала за харчовае забеспячэнне ўсёй Усходняй Прусіі, горад меў адмысловыя прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі.

У першы дзень пасадзілі за стол (палуднаваць ці вячэраць), усе разам — гаспадары, работнікі — усе за адным сталом. Заўсёды так было. Ага, падаюць стравы розныя — дзівяцца нашыя дзяўчаты кулянскія. Аднак, дзе лыжкай, а дзе відэльцам спраўляцца трэба, неяк маглі скумекаць — не з тундры ж, як-ніяк, з Кулян. А тут падаюць нейкую страву незразумелую, такі брусочак бурштынавы, кажа, дачапнулася да яго — а яно дрыжыць, як дрыгва. Як яго есці? — паміж сабой шэпчуцца.

— Пачакай, — шэпча Маня, — не спяшайся, падзівімся, як яны гэто будуць есці, то пасля і мы за імі.

А яны з’елі ўсё і тады ўжо сталі гэтым закусваць — ну і дзяўчаты нашыя за імі. Кажа, пасмакавала — а яно салодкае-салодкае, смачнае-смачнае. Пазней даведаліся, што называецца тое ядэлко ПУДЫНГ, і падаюць яго на закуску, напаследак. Часта давалі, амаль за кожным палуднем.

Дык баба Клаўдзя, бывала, як што такое есць, што ёй падабаецца, то абавязкова будзе казаць:

— Але й смашно, як той нямецкі пудынг!

І мы ўжо ўзялі за моду так казаць.

А яшчэ неяк прывёз нехта (Сярожа, здаецца) бананы ці мандарыны (ужо добра не памятаю), ды частуе яе:

— Наце, бабо!

Думаў, здзівіць старую. А яна бярэ ды кажа:

— Ааа, давай, добро, гэто смашно, я ведаю — я такоё некалі ў Германі ела…

То дзіва, што Дзіма неяк пажартаваў аднойчы:

— Ела там прысмакі, а цяпер яшчэ нейкай кампенсацыі хоча.

Ну, і не атрымала кампенсацыі тае, куды я толькі ні пісаў, дзе толькі звестак ні шукаў — нідзе ніякіх канцоў, нідзе ніякіх звестак не захавалася аб яе знаходжанні ў Германіі. Бо хто вяртаўся пасля вайны ўжо, то тыя прайходзілі праз савецкія фільтрацыйныя лагеры, а то і праз Сібір. Каб пра нямецкія пудынгі вельмі тут не расказвалі, бо вядома, што вайна, вядома, што вораг, але тыя, хто там пабыў, убачылі зусім іншы ўзровень жыцця людзей, цалкам іншы. А яны ж з Маняй у сакавіку 1944 вярнуліся, баба Клаўдзя мая дабілася, каб іх вярнулі дадому, хадзіла там па Кёнігсбергу, абівала парогі розных інстанцый і дабілася. Але гэта ўжо будзе зусім іншая гісторыя.

98s

Клаўдзя Андрэеўна Калач (1920 — 2004), здымак зроблены каля 1945 г.

 

Адным словам, засталіся ад Германіі толькі ўспаміны. Бывала, стане ўспамінаць:

— І ў Германі была, і ў Расеі была, і дзе я адно ні была — хіба ў воўчуй сраццы…

 

 

 

Добавить комментарий