140 гадоў з дня нараджэння Васіля Захаркі

Вакол Кулян нарадзілася шмат выбітных беларускіх дзеячоў, што працавалі на розных нівах, але ўсё на карысць Беларусі. Мы ўжо пісалі пра оперных спевакоў Міхася Забэйду-Суміцкага з Шэйпіч і Паўла Пракапеню з Заполля. Даўно збіраюся напісаць пра паэтку Ларысу Геніюш, што жыла ў Зэльве, можа як дойдуць рукі. Гэтаксама даўно думаў напісаць і пра Васіля Захарку  — беларускага палітычнага дзеяча і публіцыста, таму было б нядобра прапусціць такую юбілейную дату — 140 гадоў з дня нараджэння гэтага чалавека.

 

Васіль Іванавіч Захарка нарадзіўся 1 красавіка 1877 г. ў вёсцы Дабрасельцы Ваўкавыскага павету, цяпер — Зэльвенскі раён.

Пра В. Захарку беларуская Вікіпедыя, ў прыватнасці, паведамляе наступнае.

Атрымаў хатнюю пачатковую адукацыю, затым скончыў Лыскаўскую настаўніцкую семінарыю. З 1895 г. працаваў настаўнікам царкоўнапрыходскай школы. Вытрымаў экзамен па праграме юнкерскага вучылішча і расійскай гімназіі.

У 1898—1902 гг., 1904—1917 гг. на ваеннай службе. Член БСГ, адзін з арганізатараў з’езду беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту (22 кастрычніка 1917 г.), сакратар Цэнтральнай беларускай ваеннай рады, член Вялікай беларускай рады. На 1-м Усебеларускім з’ездзе (1917) абраны членам Рады з’езду. Быў арыштаваны бальшавікамі ў студзені 1918 г.

З 21 лютага 1918 г. у складзе Народнага сакратарыята (урада) Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). З 21 лютага 1918 г. скарбнік у складзе Народнага сакратарыяту БНР. 23 сакавіка 1918 г. быў упаўнаважаны Народным сакратарыятам атрымаць грошы, асыгнаваныя Мінскай гарадской думай. Вёў перамовы з нямецкімі ваеннымі ўладамі па справе грошаў, канфіскаваных 25 лютага1918 г. 1 мая 1918 г. быў абраны сябрам фінансавай камісіі Рады БНР.

Член ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў. Пасля займаў розныя міністэрскія пасады. З мая 1918 г. кіраўнік друкарні Народнага сакратарыяту БНР. У красавіку 1918 г. разам з М.Касцевічам быў абраны Мінскай думай сябрам міравога суддзі. Член камісіі па пераходу Беларускага тэатру пад загад Народнага сакратарыяту БНР і Надзвычайнай бежанскай калегіі. 23 ліпеня 1918 г. ўвайшоў у склад кабінету Янкі Серады, заняўшы пасаду народнага сакратара фінансаў. 28 жніўня 1918 года быў дэлегаваны ў Кіеў атрымаць рэшту грошай з украінскай дзяржаўнай пазыкі ўраду БНР. Міністр фінансаў ва ўрадзе Антона Луцкевіча. У снежні 1918 г. — у Вільні.

Прыехаў у Гродна ў сярэдзіне снежня 1918 г. 15-16 снежня 1918 г. ў якасці ганаровага госця прысутнічаў на Гродзенскім беларускім сялянскім з’ездзе. Выконваў абавязкі кіраўніка канцылярыі міністэрства беларускіх спраў Літвы. Сябра Гродзенскага БНК і клубу «Беларуская хатка». У снежні 1918 г. ўдзельнічаў у перамовах БНК з Гродзенскай управай. 30 снежня 1918 года разам з П. А. Крэчэўскім сустракаўся з камандаваннем нямецкай 10 арміі па пытанню аб перадачы зброі беларускай міліцыі. Будучы ў Гродне падаў разам з А. І. Луцкевічам некалькі нотаў пратэсту ад імя ўраду БНР супраць захопу беларускіх зямель Польшчай.

З другой паловы лютага 1919 года — ва Украіне, куды паехаў да А. Смоліча ў справе ўкраінскай пазыкі. У маі 1919 года — у Берліне. 22 мая 1919 года звярнуўся да ўраду БНР з просьбай «звольніць яго ад абавязкаў кіравання грашовымі справамі з прычыны нездароўя». У чэрвені 1919 года — у Коўне ў якасці часовага намесніка старшыні ўраду БНР. З канца таго ж месяца быў зноў у Берліне, дзе фактычна выконваў абавязкі кіраўніка беларускага ўраду.

Пасля расколу Рады БНР 13 снежня 1919 г. В.Захарка быў абраны намеснікам старшыні Прэзідыўма Народнай Рады БНР. На паседжанні ўраду А. І. Луцкевіча 15 лістапада 1919 г. быў адхілены ад пасады міністра. А. А. Смолічу было даручана распачаць супраць яго судовы працэс (магчыма, у справе грошаў ураду БНР, якія В.Захарка адмовіўся перадаць А.Луцкевічу). Зноў прыехаў у Гродна 17 сакавіка 1919 г. з Берліна разам з Ю.Камарынцам. У гэты ж дзень удзельнічаў у святочнай вячэры ў беларускім клубе. Прысутнічаў на паседжаннях ураду БНР у Гродне 18 і 21 сакавіка. Выступіў 25 сакавіка 1919 г. на развітальнай вячэры, прысвечанай ад’езду Я.Варонка з Гродна.

Як прадстаўнік ураду БНР удзельнічаў у адкрыцці І-га беларускага настаўніцкага з’езду Гродзеншчыны 26 сакавіка. 5 красавіка В. Захарка ад імя Рады міністраў БНР апратэставаў заяву К. М. Цвіркі-Гадыцкага аб далучэнні Беларусі да Польшчы. 7 красавіка В. Захарка звярнуўся да нямецкага крэйзгаўптмана Гродна з заявай лічыць справу арыштаванага напярэдадні ў горадзе К. М. Цвіркі-Гадыцкага беларускай «унутранай дзяржаўнай справай». Выехаў з Гродна ў Берлін у пачатку красавіка 1919 г.

У канцы 1919 г. ў Мінску хаваўся ад арышту польскімі ўладамі. На пачатак 1920 г. — зноў у Берліне, у лютым 1920 г. — у Празе. Член аргбюро па скліканню дзяржаўнай канферэнцыі ў Рызе вясной 1920 г. Удзельнічаў у нарадзе прэзідыўма Рады БНР і ўрада В. Ю. Ластоўскага ў Рызе 30-31 мая 1920 г.

З 24 чэрвеня па 12 верасня 1920 г. быў у Маскве ў якасці старшыні Надзвычайнай дыпламатычнай місіі БНР. У канцы 1920 — пачатку 1921 гг. — у Рызе, з 1921 г. — у Коўне. Намеснік старшыні 1-ай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе ў верасні 1921 г. З 23 жніўня 1923 г. — міністр фінансаў ва ўрадзе А.Цвікевіча. 1 лістапада 1923 г. выехаў у Прагу.

Пасля 2-ой Усебеларускай канферэнцыі ў Берліне (10 кастрычніка 1925 г.) не прызнаў Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адражэння Беларусі. Застаўся ў эміграцыі ў Празе, захаваўшы непарыўнасць традыцыі БНР. 12 снежня 1925 г. года абраны старшынём таварыства «Беларуская рада» ў Празе. Намеснік старшыні Рады БНР, з 8 сакавіка 1928 — 6 сакавіка 1943 г. Прэзідэнт Рады БНР.

Па некаторых звестках, збіраў архіў БНР, далучыў да гэтай справы Л. Геніюш. Праводзіў актыўную кампанію зваротаў і петыцыяў у Лігу Нацый і іншыя міжнародныя органы ад імя БНР. Аўтар прац «Галоўныя моманты беларускага руху» (1926), «Беларусь — роль і значэнне на ўсходзе Еўропы» (не апублікавана).

Памёр Васіль Захарка 14 сакавіка 1943 г. Пахаваны ў Празе на Альшанскіх могілках, там жа, зусім побач, дарэчы і М. Забэйда-Суміцкі.

Помнік на магіле Васіля Захаркі (Альшанскія могілкі, Прага).

Добавить комментарий