Сапегі і Поланск

Не пакідала мяне думка: “Як жа такое можа быць – вядомы ў нашай старонцы род Сапегаў – а не ведаем багата крыніц, дзе б распавядалася пра валоданне Сапегамі Поланскам ці Кулянамі. Трэба шукаць.
І на табе. Генеалагічная арганізацыя FamilySearch Царквы Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён (Царквы Мармонаў) выклала ў сеціва ў вольны доступ метрычныя запісы нараджэнняў, шлюбаў і памерлых Ружанскага касцёла за 1796-1802 гады. Шукаць доўга не прыйшлося – перакладалася цяжка, бо латынь. Пасля тэксту есць сканы метрык, таму перакладаем разам 😉
“Поланск. Року Панскага 1796. Месяца жніўня 26 дня. Ахрышчана дзіця на імя Марыянна- Роза з сям’і шляхетных Сімяона ЯРМАНТОВІЧА і Дамінікі законных мужа і жонкі. Яго Высокасць князь Ян Сапега і Брыгіта Курчэўска, суддзі павета Слонімскага. Хросныя бацькі – Яго Высокасць Мікалай Сапега і Фрачэска Чаплінска, Старасты і Яго Высокасць Павел Сапега і Феліцыя Ленчэўска … Таксама прысутнічалі Міхаіл Бранкоўскі (?) і Роза Зажыцка.
Што нам дае гэта інфармацыя?
Па-першае, дзякуючы запісу мы ведаем, што у канцы XVIII стагоддзя Поланск належаў (ці быў у арэндзе-заставе) рода Ярмантовічаў. Што гэта за род і адкуль ен пайшоў, дакладна высвятліць не ўдалося. У сеціве есць інфармацыя, што ў ХІХ стагоддзі Ярмантовічы жылі ў Лідскім павеце.
Верагодна, жонка Сімяона Ярмантовіча Дамініка была з Сапегаў, бо інакш чым растлумачыць такое ганаровае “прадстаўніцтва” Сапегаў на урачыстасці. Калі гэта так, то можна меркаваць што Ярмантовіч атрымалі Поланск ажаніўшыся с Сапежанкай.
Па-другое, гэта падзея адбылася праз 3 гады, як Ружаны страцілі статус галоўнай Сапежанскай рэзідэнцыі. Верагодна, што разам з гэтым Сапегі пачалі распрадаваць ружанскія маёнткі. А гэта яшчэ адна “цаглінка” у доказ таго, што Поланск ( і Куляны? – В.П.) знаходзіўся ва ўладанні Сапегаў да канца XVIII стагоддзя.

archiv-085

record-image_3q9m-cs9m-ywsf-w

record-image_3q9m-cs9m-ywsx-7

3 думак на “Сапегі і Поланск

  1. От цікавыя людзі 🙂
    Я сам, асабіста, на свае вочы бачыў і чытаў у архівах інвентарныя вопісы ружанскіх валоданняў Сапегаў. Як мінімум тры: ад 17 стагоддзя, ад 18-га і ад пачатку 19-га стагоддзя. І ні ў адным з гэтых інвентароў Поланска няма, не кажучы ўжо пра Куляны, хоць іншыя вёскі, што блізу Ружан, ёсць. Гэта кажа толькі аб адным: Поланск Сапегам не належаў.
    Да таго ж і на мапах, што сёння змешчаныя ў акадэмічных выданнях, відаць, што сапегаўскія валоданні (зямля) скончваюцца на лугах, перад Паперняй, па левы бераг Зяльвянкі ўжо не сапегаўскае валаданне.
    Больш таго, я ўжо пісаў пра інвентар маёнтка Поланск ад пачатку 19-га стагоддзя, паводле якога гэты маёнтак належаў Завішам. Спадзяюся, што ў хуткім часе буду мець магчымасць гэты дакумент апублікаваць.
    То я не разумею, нашто шукаць кісель у вадзе і высмоктваць нешта з пальца, як быццам калі б нашыя продкі былі сапегаўскімі халопамі, а не завішаўскімі, то гэта рабіла б нам большы гонар 🙂
    Апублікаваная вышэй інфармацыя з гэтых метрычных кніг, вядома, цікавая, і пра нешта кажа, але не пра тое, што Поланск належаў Сапегам.
    Яшчэ раз кажу: у архівах маюцца дакументы, якія кажуць, чым валодалі Сапегі, і ў гэтых дакументах Поланска няма, а гэта значыць, што ім яны не валодалі. Калі знойдзецца дакумент, у якім будзе указана адваротнае, тады я прызнаю адваротнае 🙂


  2. Мушу адказаць і яшчэ раз растлумачыць сваю пазіцыю.
    Па-першае, дакумент аб валоданні Сапегамі маёнткам Поланскам існуе. Пра гэта я пісаў раней, таму нейкая катэгарычнасць, паважаны Алесь, мяне здзіўляе. Іншая справа што за вёскі належалі да маёнтка, пакуль мы гэта не ведаем.
    Больш таго. Знайшоў дакумент датаваны 1670 годам. Вось пераклад — «Рэестр Яснавельможных Іх Мосці паноў refentorów(?) падымнага павету Ваўкавыскага, прынятага ў 1670 годзе … панам Феліцыянам К… з якога згодна тарыфу быць павінна 3297 дымаў … — «Ясна вельможная панна Ганна Капцюўна Сапежына з маёнтку Поланска з дымаў 140».
    Па-другое, я не сцвярджаў, што валоданне цягнулася стагоддзямі. Пытанне пра перыяд валодання застаецца адкрытым.
    Па-трэцяе, тое, што ў Сапегаўскім інвентары ад 1687 г. Поланска няма, можа сведчыць толькі пра невалоданне Сапегамі вескай у гэтым канкрэтным годзе. Калі на вочы не пападаюцца інвентары ў архівах Мінска і Гродна, трэба глядзець у Вільні (там есць фонд Сапегаў пад нумарам 1292), ці яшчэ дзе.
    Паўтаруся яшчэ раз. Мае пошукі звязаны з загадкай — «Сапежанскі Маентак Поланск», а зусім не з тым, каб даведацца чыімі халопамі былі мае дзяды. А запіс у метрыках праз сто гадоў яшчэ раз узгадвае пра сувязь «Сапегі-Поланск».

    Не ведаю як прымацаваць скан, таму кідаю перад паведамленнем.


  3. Ну, непераканаўча, абсалютна непераканаўча.
    Сам жа ты пісаў неяк, што цябе здзіўляе такая вялікая колькасць дымаў у Поланску на той час — 140. Там цяпер не набярэцца столькі тых дымаў і ясна, што тады іх столькі не было. І калі прадстаўленаму дакументу нельга даць веры ў гэтым, то як яму даваць веры ва ўсім астатнім?
    Як мінімум, не пра той Поланск ідзе гаворка.
    Таму я буду сцвяржаць, што дакумента аб валоданні Сапегамі маёнткам Поланск няма!
    Бо тое, што ты прыводзіш, аб гэтым аніколькі не кажа. З часам яно нам магчыма і скажа аб нечым, але пакуль у параўнанні з той інфармацыяй, якую я маю на сёння, яно не кажа нічога.
    Можна, вядома, дапусціць, што Поланск нейкі час належаў некаму з роду Сапегаў, але тады хутчэй за ўсё, што гэта было асобнае ад Ружан валоданне, іншымі словамі, у Поланска і Ружан былі розныя гаспадары з гэтага роду. Можа, вядома, высветліцца і адваротнае, але пакуль анічагутка на гэта не паказвае.
    Таму гэта ніякая не катэгарычнасць, як ты кажаш. Я ж не сцвярджаю, што тое, што я кажу, гэта ісціна ў вышэйшай інстанцыі, якая не можа быць аспрэчана. Я ж кажу: адваротнае высветліцца можа, і калі яно высветліцца, я гэта прызнаю. Але пакуль што гэтага няма. А ёсць дакументы з даволі выразным зместам, якія не выклікаюць ніякага сумневу, і яны не на карысць тваіх высноў.
    А што датычыць вёсак вакол Поланска, тут у мяне даўно ўжо карціна намалявалася выразная: напачатку быў Поланск як маёнтак, затым пры маёнтку вёска ўзнікла, затым з палонцаў узніклі Уласавічы, а затым з палонцаў і ўласаўцаў — Куляны. Гэта выразна прасочваецца па тых жа прозвішчах: Прэдкі, Гарбачы, Вераб’і, Храпавіцкія, Качаны, Сапкі, Якуты прыйшлі ў Куляны з Поланска і Ўласавічаў.


Добавить комментарий