Куляны на мапе 1838 года

Цікавай знаходкай падзялілася сёння са мной Воля Рошчанка — мапай, якая датавана 1838 годам. Усю яе апублікаваць тут немагчыма, таму публікуем толькі фрагмент з нашай мясцовасцю. Але нас больш і не цікавіць, акрамя як нашыя мясціны.

 

Мапа_1838

Зялёная рыска — гэта мяжа паміж Ваўкавыскім і Слонімскім паветам. Такім чынам, можна было б сказаць, што мапа гэтая падцвярджае маю ранейшую здагадку аб тым, што Куляны нашыя адносіліся раней да Ваўкавыскага павету і толькі ў другой палове ХІХ стагоддзя сталі часткай павету Слонімскага.

Але ў мяне ёсць падставы не давяраць гэтай мапе, а дакладней сказаць, пазначанай на ёй мяжы. Калі верыць ёй, то мяжа Ваўкавыскага і Слонімскага паветаў прайходзіла паміж Кулянамі і Поланскам. Аднак у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна (ф. 1143, в. 1, с. 411) мне давялося адкапаць інвентарны вопіс фальварка Поланск ад 1810 году. З яго вынікае, што на той час фальварак належаў яшчэ Завішам  — старажытнаму шляхецкаму роду, і акрамя фальварка ім належалі вёскі Поланск, Уласавічы і Куляны. Шкада, што няма магчымасці зрабіць копіі гэтага дакумента, у ім, між іншым, ёсць і спіс сялян, сярод якіх сустракаюцца такія прозвішчы як Прэдка, Якута, Сапко, Дзейка, Пешка…

Дык вось, я сумняваюся, што вёскі, якія належалі да аднаго маёнтка, маглі быць раздзелены мяжой паветаў, па ўсёй логіцы яны павінны былі б быць у адным павеце — ці ў Ваўкавыскім, ці ў Слонімскім.

Больш таго, калі верыць мапе, то атрымліваецца, што Куляны і тыя ж Лозкі ў розных паветах, ды і ўвогуле усё кулянскае поле ў Слонімскім павеце, вёска фактычна без поля. Мала верагодна, што так было.

Аднак прадстаўленая мапа ўяўляе каштоўнасць з іншага боку.

Па-першае, звярніце ўвагу, што на ім пазначаны не толькі Куляны, але і Паплаўка, і Лозкі. Гэта значыць, што на той час там былі нейкія хутары (засценкі). У Лозках то яшчэ пры маёй памяці гэтае месца, дзе было нейкае паселішча, добра вызначалася сярод поля — грушы раслі, яблыні, каменне туды сцягвалі. Як соткі там былі, то пры капанні заўсёды бегалі туды ў кусты па патрэбе. Але ніколі я не чуў, каб казалі, што там некалі быў які хутар, людзі жылі. А між іншым, гэта ўжо другая крыніца трапляецца мне на вочы, якая сведчыць менавіта аб тым. Неяк ужо даводзілася бачыць адзін польскі дакумент, у якім таксама Паплаўка і Лозкі стаялі ў адным пераліку населеных пунктаў разам з Кулянамі.

Што яшчэ цікавага кажа нам гэтая мапа? Звярніце ўвагу: хутары ці засценкі Паплаўка і Лозкі на ёй ёсць, а вось вёскі Заполле няма. Няма яе і ў тым інвентарным вопісе фальварка Поланск, пра які я згадваў вышэй, хоць згадваюцца там млыны, што стаялі на Паперні. Гэта можа казаць аб тым, што Заполле — вёска адносна маладая, з’явілася можа дзе толькі ў другой палове ХІХ стагоддзя.

Праўда, калі ўжо больш уважліва паглядзець, то і вёскі Поланск на пададзенай мапе таксама няма — пазначаны толькі маёнтак Поланск, які быў на тым месцы, дзе пры нашай памяці была ферма. Аднак у згаданым мной інвентарным вопісе ад 1810 г. вёска ёсць.

Каму цікава больш разглядзець што на гэтай мапе, то глядзіце тут.

 

 

 

5 думак на “Куляны на мапе 1838 года

  1. Зірнуў на мапу — і заўважыў цікавую рэч. Згодна умоўным знакам у Паплаўцы існавала КАРЧМА ці пастаялы двор. Але ці праўда гэта?



  2. Цікавым мне падаецца і назва Ружан на мапе: Ружанна. Насамрэч нагадвае больш імя, як і паводле адной з тэорый, што Ружаны пайшлі ад імя дачок Ружы і Ганны.


  3. З іншага боку, гляджу вось на мапу 1893 году, нямецкую. І там ужо ёсць Заполле. http://www.mapywig.org/m/German_maps/series/300K_UvM/UvM_Pinsk_1893.jpg. (Гл. зверху злева).Таксама бачна, што паміж Кулянамі і Поланскам стаяў вертаны млын. Цікава, дзе дакладна такі б млын стаяў? А вось Паплаўкі і Лозкаў ужо не бачна. Ці тут ужо іншыя аўтары былі, па іншаму ўсё пазначалі, ці ўжо насамтрэч столькі адбылося за тыя 60 год.


    1. Я думаю, проста справа ў тым, што гэта дзве розныя мапы: тая, што ад 1838 году — адміністратыўна-тэрытарыяльная, а гэтая нямецкая ад 1893 г. — фізічная. Таму на апошняй не пазначаныя тыя ж Паплаўка і Лозкі. На ёй, дарэчы, не пазначана і прамая дарога з Кулян на Ружаны (як казалі, праз гару), але ж яна была яшчэ можа дзе нават пры маёй памяці. Заполле магло з’явіцца як населены пункт за паўвеку — нічога дзіўнага. Ну, і вядома, трэба рабіць «скідку» на дакладнасць гэтых мапаў, усе яны маюць, безумоўна, нейкія хібы, недакладнасці — XIX стагоддзе, што хацець. А млын, калі быў, то ён мог быць толькі на самай-самай гары, што паміж Поланскам і Кулянамі.


Добавить комментарий