Аўсяны кісель

Пры сённяшнім асартыменце прадуктаў у крамах, калі круглы год даступныя свежыя садавіна і гародніна, прадаюцца ў выглядзе паўфабрыкатаў вегетарыянскія катлеты і нават посны маянэз, што ні кажэце, а для тых, хто трымаецца пастоў, вялікае праблемы з ежай няма. Нашы продкі некалі такога выбару не мелі, іх рацыён быў куды скуднейшы і ў звычайны час, а тым больш у пост. Не ведаю, як дзе, а ў нас у Кулянах адной з самых частых страў пад час посту быў аўсяны кісель.

Мне ў дзяцінстве аўсяны кісель настолькі падабаўся, што я іншы раз прасіў бабу Маню наварыць яго і не ў пост. Таму неяк задумалася ўзнавіць гэты, як я і меркаваў, нескладаны рэцэпт. Што знайшоў у інтэрнэце, а што дадумаў сам, і цяпер у мяне, як адно пост, аўсяны кісель — першая страва.

Робіцца ён проста. Пачак аўсяных ашмёткаў «Геркулес» трэба заліць прыблізна трыма літрамі (але не больш) цёплай вады, памяшаць і паставіць у цёплае месца. Трэба, каб гэтае месіва паквасілася хаця б з паўсутак, а то й больш. Каб лепей яно квасілася, можна трохі чаго кіслага туды дабавіць, лімоннага соку, да прыкладу, але зусім нямнога, так, для актывацыі працэсу. Не ведаю, ці яно трэба, але за той час, што мой кісель квасіцца, я некалькі разоў яго памешваю, сяды-тады, мне здаецца, што гэта нешта дае.

Пасля атрыманую масу трэба адцадзіць на марлю, адціснуць. Жмых некалі кідалі ў свіное, ці курам. А ў горадзе куды яго? Думаў, птушкі будуць есці, неяк наклаў, дык халеру — ніводная варона нават не падляцела. Даводзіцца выкідваць, хоць і шкада.

А вадкасць, якая і будзе нашым кісялём, падсольваем (недзе мо з чайную лыжку солі) і варым. Але не на пліце, бо прыгарыць, нават, калі будзеце памешваць (я так некалькі разоў сапсаваў). Найлепш — у духоўцы, і яшчэ лепш, каб каструля стаяла не на самым дне духоўкі, а на якой падстаўцы, тады можна не баяцца. Ну, вядома, калі маеце ў хаце печ, то гэта самы ідэальны варыянт. Я не маю.

Адно каб закіпела — і годзе. Даставайце і разлівайце кісель ў міскі. У мяне ёсць такія, што пад дрыгву, дык самае тое.

Трэба, каб кісель застыў, гэтак, як і дрыгва. Іншы раз рэдкаваты атрымліваецца, а іншы — хоць ты ім біся (як во на гэтым здымку). Вядома, лепш, каб гусцейшы, як казала мая баба Клаўдзя, гушча сям’і не разганяе. Але усё добра, як у меру.

Некалі аўсяны кісель пасыпалі зверху трохі цукрам і гэтак елі. Было смачна. Але я цяпер паліваю яго трошкі варэннем або мёдам — смаката, што за вушы не адцягнеш. Цымус! Гэтае місачкі, каторая меньшанькая, мне на адзін раз хапае.

Акрамя таго, што аўсяны кісель сапраўды вельмі смачны, ён яшчэ і дужа карысны для здароўя — зніжае халестырын, дапамагае пахудзець, паляпшае абменныя працэсы ў арганізме, умацоўвае імунітэт і яшчэ шмат-штам якое карысці ад яго. Але пра гэта вы ўжо можаце пачытаць і на іншых сайтах.

Я ж аўсяны кісель больш за ўсё люблю, мабыць, таму, што ён мне кожны раз нагадвае маё, такое ўжо няблізкае, дзяцінства.

Добавить комментарий