Знайшла спосаб

Куляны, як вядома, згарэлі ў першыя дні вайны. Да зімы людзі паспелі зямлянкі хоць нейкія парабіць, дый гэтак і перазімавалі, а некаторыя то і не адну зіму. Зямлянку, вядома што, было зрабіць лягчэй, чым паўнавартасную хату.

 

Аднак вайна-вайною, але жыццё, як той казаў, ідзе сваім шляхам і сваім парадкам: людзі паміраюць і нараджаюцца, кахаюцца і жэняцца. Гэтую хаду жыцця не спыніць – так прырода захацела, як пісаў паэт.

Пакахаліся ды сабраліся жанніцца і Маня Калядзіная з Віцям Шымановічам. Вяселле запланавалі, усё, як мае быць. А як без вяселля? Ну і што, што вайна?.. Была не зіма, але і не лета, бо наўрад ці сталі б летам вяселле ў зямлянцы рабіць, можна было б і на вуліцы. Але не ў тым справа.

Ага, дык гэта склікаў Антось Каляда гасцей на даччыное вяселле, а маю прабабку Акуліну, сваю сястру родную (!) ці забыўся, ці што яму там зайшло… Гэтага ўжо ніхто не скажа, ці яны там што не падзялілі, ці хто іх дзяркачом перакінуў. Адным словам, не пазваў родную сястру на даччыное вяселле.

Прыехалі маладыя з вянчання, за сталы вяселле пасела. А бабы (хто не гуляе на вяселлі), як заўсёды, пазбіраліся вакол зямлянкі – на маладую паглядзець.

Відаць, здавён гэтая завядзёнка, цэлы абрад, можна сказаць, ці фрагмент вясельнага абраду – паглядзець на маладую. Праз акно. Убачыць на вуліцы – гэта мала, трэба паглядзець у акно, як маладыя сядзяць за сталом, як маладая сябе паводзіць, зацаніць яе красу. Яшчэ ўдзень суседкі дамаўляліся, ці пойдуць глядзець на маладую і калі збор. А ўжо вечарам падцягваліся групкамі па дзе-тры адтуль і адгэтуль да вяселля, адпіхвалі адна другую ад таго акна, бо толькі праз адно акно маладую відаць добра, гэтыя паглядзелі – даюць тым, каментары, абмеркаванні, адным словам, усё, як мае быць. Абавязкова выносяць пачастунак удзельніцам гэтай часткі вясельнага абраду – а як жа, трэба “наліваць”, не проста ж так. Бутэлька, чарка, што ходзіць па чарзе, закуска “асарці” на адной ці двух талерках. Аднекваюцца, упіраюцца – хіба за гэтым прыйшлі? Іншая дык і кінецца наўцёкі яшчэ, сарамліва закрываючы твар рукамі: ой, не-не! Гэта не сёння, што на пахаванні б’юцца за вянкі, бо калі вянок несла, то і тры чаркі на памінках законна вып’е. А некалі людзі трохі сорам мелі. Паўпарціцца, пааднеквацца – гэта было абавязкова. Але ўрэшце рэшт куды ж дзенешся – за маладых жа, каб здаровыя былі, каб жылі шчасліва, каб дзетак нагадавалі – трэба! Пайшла чарка па руках, пажаданні сыплюцца, падцягнуліся нават тыя самыя сарамлівыя, што разбягаліся… А назаўтра суседка ў суседкі будзе пытацца:

— Волька, та хадзіла ўчора на маладую паглядзець?

— А як жа! А чаму ты не пайшла?

— Ой, прыйшла позно з буракоў, пака управілася, гэто ёўбало (на мужыка) прывалаклосё пьяно – та есці, та ср…ць… Ногі адвальваліся… Та як маладая?

— Ой, хароша! Плаццё надто харошо – гэдыкаго можа ні ў кого ні было…

— А выносілі?

— А як жа! Зося выйшла з графінчыкам: бабы, выпіця за нашу маладую!.. Але гарэлка нека нісмашна была… Прыпаляна ці што?.. Я адну чарку ледзь выпіла і больш нават і не дачапалася… Неку катлеціну там ухапіла – тожа, перасоляна…

 

Але мы адхіліліся ад курса… Гэта калачоўшчына… Вернемся ў той 1942 ці 1943 год.

Дык вось, пазбіраліся бабы паглядзець на маладую. Ну і што, што зямлянка? Адзіная нязручнасць, што вакенца маленькае ды нізенька – трэба класціся на зямлю, каб заглянуць. Кладуцца, штурхаюць адна адну, падпаўзаюць, абмяркоўваюць, карацей, усё, як заўсёды, толькі ў гарызантальным становішчы, па-пластунскі, можна сказаць.

А тым часам недзе… Крыўдна Акуліне, што родны брат не паклікаў на даччыное вяселле. Жартачкі вам?!. Хай букрэе, як крыўдна! З гэтае крыўды выпілі за вячэрай дома па некай чарцы, выйшлі на вуліцу на лаўцы пасядзець – гоман ад таго вяселля даносіцца, яшчэ больш крыўда скрабсці стала. Акуліна зяця свайго – Валодзіка Гіляравага – пад руку, бярэ курс на братаву зямлянку ды зацягвае сваім тоненькім прыгожым галасочкам:

 

Не куй, не куй, зязюленька ў ночы,

Бо выкуеш на ляхчыну вочы.

 

А як жа мне ў ночы не куваці –

Мела дзеці, да некім пасылаці.

 

Нашы бабы, што на маладую сабраліся паглядзець, чуюць – што за халера?  Што за галасок такі пранізвае поцемкі? Дый штораз,  то бліжэй. А галасок ужо зусім блізенька:

 

Ой, а хто ж пабраў зязюльчыны дзеці,

Да той будзе тры леці хварэці.

 

Сыдзі, сыдзі, вячэрняя зара,

Ці не прыйдзя няшчасная сястра?

 

Пасхопліваліся ўсе з зямлі – не да маладое! Паслупянелі. Акуліна! Што яна робіць?!. Здурэла баба!

А тая з зяцем ўжо ў зямлянку зайходзіць, ды пад словы:

 

Сястронка йдзе, дарожкі пытая,

Братко стаіць, слоўцамі вітая:

 

—  Прайходзь хату, прайходзь другую,

Не для цябе я абед гатую.

 

Зноў бабы падаюць да таго вакенца малога, бо галоўная дзея зноў у зямлянцы: Каляда, апёршыся на печ, выцірае та з аднае, та з другое шчакі слёзы – плечы ўздрыгваюць, госці і маладыя аслупянелі, у каго скварка застрала у роце, у каго гурок  – нямая сцэна… была б, калі б яе не парушаў танюсенькі акулінін галасок:

 

Ўвайшла ўва двор – ўвесь двор затапіла,

Ў хату ўвайшла – ўвесь род разжаліла.

 

Двор затапіла дробнымі слязкамі,

Род разжаліла шчырымі слаўцамі:

 

— Каб я была сястронка багата,

То сядзела б за столікам у брата.

 

А як жа я сястронка убога,

То пастаю блізенько парога.

 

Адспявала. Пакланілася нізка. А пасля:

—  Ой, а чаго ж мы, зяцёк, з табой сюды прыперліся? Нас жа ніхто сюды не запрашаў. Хадзем адсюль!

Прытка развярнулася ды пад нейкія вясёлыя, задзірыстыя прыпеўкі пайшла дадому…

 

Akulina_i_Lazar

Прабабка мая Акуліна (у дзявоцтве Каляда) са сваім мужам Аляксеем Качаном (Лазарам)

Як бы там ні было, але калі памірала прабабця мая Акуліна, то загадала пахаваць яе побач з братам Антосем, не захацела побач з мужыком (Аляксеем, па мянушцы Лазар) ляжаць, казалі, шмат ліха ад яго зазнала за сваю жытку…

 

P.S.: Вечарам напісаў гэты тэкст, а назаўтра даведаўся, што Тонік Шымановіч памёр – гэта яго бацькам мая прабабка Акуліна тады так падпсавала вяселле.

Добавить комментарий