Яшчэ раз пра Сяргеевых, якія былі Сяргеямі

Я ўжо неяк пісаў, і можа нават не адзін раз, аб тым, што мае продкі па маці былі калісьці не Сяргеевымі, а Сяргеямі, і выказваў меркаванне, што прозвішча русіфікавалі ім, як былі ў бежанстве ў Расеі (дарэчы, калі старыя расказвалі некалі пра бежанства, яны менавіта так і казалі — у Расеі). Аднак з гэтым сваім меркаваннем я памыліўся — як паехалі яны ў бежанства Сяргеямі, так і вярнуліся адтуль Сяргеямі.

 

Цяпер у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна вывучаю метрычныя кнігі за 20 — 30-я гады мінулага стагодззя (ф. 471) і бачу, што «пры паляках», і нават «пры першых Саветах», і нават яшчэ пад немцамі кулянскія Сяргеі заставаліся Сяргеямі.

Гэтая інфармацыя можа быць некаму карыснай, бо сёння то «карты паляка» робяць, то яшчэ для якое патрэбы адшукваюць інфармацыю пра сваіх продкаў.  А род гэты быў не малы, шмат было людзей у Кулянах з прозвішчам Сяргей, гэта пасля неяк звяліся (хаця што тут хацець — яшчэ трохі і ў Кулянах звядзецца прозвішча Прэдка, ўсе прозвішчы ў Кулянах зараз звядуцца).

Дык вось, у падцверджанне сказанага, каб не думалі, што ўзяў  з галавы, прывяду некаторыя (не ўсе) вытрымкі з тых метрычных кніг:

  • 8 лютага 1931 года пабраліся шлюбам мае баба Маня з дзедам Колькам «Мікалай Сяргей сын Рыгора і Ганны з дому Прэдка (24 гады) з Марыяй Калач дачкой Андрэя і Еўдакіі з дому Пракаповіч (20 гадоў)»;
  • 18 сакавіка 1931 г. нарадзіўся, а 13 красавіка быў пахрышчаны Уладзімір, бацькі — Антон Каляда сын Рыгора (10.01.1898) і Вольга, дачка Івана з дому Храпавіцкіх (12.07.1901). Хрысцілі нованароджанага Мікалай Куніца і сястра майго дзеда Колькі Настасся Сяргей, дачка Рыгора.
  • 15 лістапада 1931 г. пабраліся шлюбам Аляксей Горбач, сын Аляксея (Жулік) і Надзея Сяргей (Заражанка). Дарэчы, не ведаў, што Заражанка была з гэтага ж роду. Некалі бывала, як бацька з Сесем выпівалі, той усё цвердзіў пра нейкае сваяцтва. Я думаў, што па Гімбарах, бо адно ў нас прозвішча, і там, дарэчы, нешта таксама ёсць. Адно ж вынікае, што і па Сяргеях былі сваякамі, што далей будзе падцверджана. І яшчэ адно супадзенне мне падалося цікавым: Заражанка была, лічы, поўнай цёзкай з маёй маці як у дзявоцтве, так і ў замужжы;
  • 22 студзеня 1931 г. нарадзіўся, а 14 лютага быў пахрышчаны Аляксандр, бацькі — Іосіф Якута сын Герасіма  (24 г.) і Марыя дачка Рыгора з дому Прэдка (27 г.), а хрысцілі дзядзьку Шуру Цукра Надзея Прэдка дачка Рыгора і родны брат майго дзеда Колькі Лявонцій Сяргей сын Рыгора. Ну, гэта то я ведаў, што з Цукравымі па бабе Марылі мы былі сваякамі — маці майго дзеда Колькі Ганна была гэтаксама з дому Прэдка, і ці не дваюраднымі былі дзед Колька з бабай Марыляй Цукрыхай;
  • 15 сакавіка 1931 г. нарадзілася і 29 сакавіка была пахрышчана Сафія (баба Зося Крамарка), бацькі — Аляксандр Сяргей, сын Васіля (24 г.) і Марыя дачка Міхала ў дзявоцтве Храпавіцкая (18 г.)». Хрысцілі: Аляксей Сапко, сын Паўла, і Ганна Сяргей, дачка Канстанціна (баба Гандзя Рыбакова);
  • 29 сакавіка 1931 г. мой дзед Колька хрысціў Вольку, дачку свайго стрыечнага брата Аляксея Сяргея, сына Змітра (нарадзілася 12 сакавіка);
  • 1 лютага 1932 г. нарадзіўся і 28 лютага быў пахрышчаны Віктар (Сесь), бацькі — Аляксей Горбач сын Аляксея (01.11.1909) і Надзея дачка Мікалая ўроджаная Сяргей. А хрысцілі дзіця той самы брат майго дзеда Лявонцій Сяргей сын Рыгора (што і падцвярджае яшчэ раз сваяцтва з Заражанкай) і Марыя Сяргей дачка Мікалая (відаць, сястра Заражанкі);
  • 23 чэрвеня 1932 года нарадзіўся, а 17 ліпеня быў пахрышчаны мой дзядзька Аляксей, бацькі — Мікалай Сяргей сын Рыгора (14.11.1906) і Марыя дачка Андрэя з дому Калач (25.07.1910). Заўсёды лічылі, што ў бабы Мані нашае дзень нараджэння 4 жніўня. Але больш цікава тое, што ў нас з дзедам дзень нараджэння ў адзін дзень. Хрысцілі дзядзьку Аляксандр Калач сын Андрэя і Таццяна Жак дачка Мартына;
  • 19 красавіка 1935 года памерла Марыя Сяргей, народжаная 03.05.1908 г., дачка Мікалая і А… — невыразна напісана імя, але ці не Аляксандры, калі так, то гэта — кума з вышэй прыведзенага запісу аб хрышчэнні Сеся (сястра Заражанкі);
  • 14 ліпеня 1935 года пабраліся шлюбам Аляксей Сяргей сын Змітра і Вера Германовіч;
  • 1 кастрычніка 1935 г. нараділася, а 20 кастрычніка была пахрышчаная Вера, бацькі — Аляксандр Сяргей сын Базыля (02.05.1906) і Марыя дачка Міхала з роду Храпавіцкіх (16.04.1912). Хрысцілі Аляксей Сапко сын Паўла і Ганна Сяргей дачка Канстанціна;
  • 2 студзеня 1936 г. Іван Пятрэчка 1906 г.н. жаніўся з Верай Сяргей дачкой Мікалая і Аляксандры (сястрой Заражанкі) 1907 г.н.;
  • 24 лістапада 1936 г. памерла Алена Сяргей, дачка Лукаша, 1959 г.н.;
  • 20 сакавіка 1937 г. памерла Аляксандра Сяргей 1870 г.н. дачка Міхала і Фёклы (відавочна, маці Заражанкі);
  • 3 студзеня 1937 г. нарадзілася, а 8 студзеня была пахрышчана Яўгенія (цётка Жэня Цукрава), бацькі —  Іван Калач сын Мікалая (24.8.1906) і Фядора дачка Паўла з дому Прэдка (07.11.1903). Хрысцілі Міхал (Мікалай?) Прэдка сын Паўла і Марыя Сяргей дачка Андрэя (мая баба Маня Калачыха);
  • 1 лютага 1938 г. нарадзіўся, а 13 быў пахрышчаны Аляксей, бацькі Аляксандр Сяргей сын Базыля і Марыя з дому Храпавіцкіх, хрысцілі Аляксей Сапко сын Паўла і Ганна Сяргей дачка Канстанціна;
  • 13 чэрвеня 1938 г. бралі шлюб Аляксей Рыбій сын Аляксея і Ганны з дому …(не выразна напісана) і Ганна Сяргей, дачка Канстанціна і Алены;
  • 25 сакавіка 1939 г. памерла сястра майго дзеда Ганна Сяргей, дачка Рыгора і Ганны, народжаная 15.11.1895;
  • 29 мая 1939 г. узялі шлюб брат майго дзеда Міхал Сяргей сын Рыгора і Ганны з дому Прэдка (20.03.1912) і сястра майго другога дзеда (па бацьку) Марыя Горбач дачка Мікалая і Ганны з дому Маразевіч (25.07.1917);
  • 1 снежня 1939 г. нарадзіўся, а 20 снежня быў пахрышчаны мой дзядзька Уладімір, бацькі — Мікалай Сяргей сын Рыгора і Марыя дачка Андрэя з дому Калач, хрысцілі Аляксандр Калач сын Андрэя і Ніна Сяргей дачка Канстанціна (баба Ніна Прэдкава).

Апошні выпадак, мабыць, адзіны, калі прозвішча Сяргей перадалося наступнаму пакаленню — маёй стрыечнай сястры, бо ва ўсіх астатніх выпадках наступныя пакаленні ўжо не Сяргеі, а Сяргеевы. А пакуль:

  • 21 снежня 1941 г. нарадзіўся, а 8 студзеня 1942 г. быў пахрышчаны Аляксандр, бацькі — Міхал Сяргей сын Рыгора (02.03.1912 г.н. — дата адрозніваецца ад прыведзенай вышэй) і Марыя дачка Мікалая з дому Горбач (25.08.1917 — зноў дата адрозніваецца ад той, што ў запісе аб шлюбе). Хрысцілі дзядзьку Шуру Мікалай Горбач сын Мікалая (брат бабы мані Гімбарыхі і майго дзеда Антося, ён загінуў на вайне) і Лідзія Прэдка дачка Змітра;
  • 22 кастрычніка 1942 г. нарадзіўся, а 7 лістапада быў пахрышчаны яшчэ адзін мой дзядзька Дзмітрый, бацькі запісаныя як Мікалай Сяргей сын Рыгора (14.11.1906) і Марыя дачка Андрэя з дому Калач (25.08.1917). Дата нараджэння бабы Мані цалкам не адпавядае праўдзе, бо была яна з 1910 г., хутчэй за ўсё, я думаю, іх блыталі з бабай Маняй — Гімбарыхай, калі не памыляюся, то гэта якраз яе дата нараджэння. А кумамі і ў гэтым разе былі Аляксандр Калач сын Андрэя і Ніна Сяргей дачка Канстанціна.

І усё.

Я неяк прыводзіў тут ужо даведку аб раненні майго дзеда на фронце ў 1945 годзе, дзе ён ужо пішацца як Сяргееў Мікалай Рыгоравіч. І маці мая 1947 г.н. запісана ў пасведчанні аб нараджэнні ўжо як Сяргеева Надзея Мікалаеўна.

І па вайне ўжо ўсе неяк сталі Сяргеевы.

От такая гісторыя з генеалогіяй.

 

P.S.: А калі некаму хочацца даведацца што пра сваіх, то пытайцеся, я там шмат каго бачыў у гэтых кнігах метрычных, шмат каго пазнаў, нешта навыпісваў сабе —  можа што і змагу падказаць.

Камментарыi


    1. Вядома, е 🙂 Здаецца, бачыў запіс аб шлюбе тваіх бабы Лізы з дзедам Валодзікам, але нешта не магу знайсці ў сваіх выпісках. Можа і не выпісаў, бо дзе там усё выпішаш — прыедзеш на паўдні, ды стараешся, каб хоць праглядзець усё, што замовіў, ды не спазніцца на цягнік.
      А запіс аб шлюбе бабы Ядзі з Іванам Храпавіцкім пазначыў сабе — 15 лютага 1943 г. У той жа кнізе, толькі ў іншым раздзеле — «Памёршыя» (старонка 67) — стаіць запіс аб тым, што 2 жніўня не стала яго ў жывых, а 4 жніўня быў пахаваны Іван Храпавіцкі, сын Мікалая і Аўдоцці, народжанай Прэдка. Жанаты. 1921 г.н. Прычына смерці — расстраляны.
      Бачыў, запісы аб нараджэнні двух хлопчыкаў Басько Веры, у аднаго імя нейкае надта рэдкае, яшчэ больш рэдкае, чым Клаўдзік )) Верэануфрый, ці што… Расказвалі некалі, што тадышні бацюшка ружанскі меў моду ўсякія такія імёны даваць… Пасля бачыў запіс аб смерці аднаго хлопчыка, а што з другім, не ведаю…
      Калі каму цікава, то магу сказаць, што, акрамя прыведзеных вышэй, бачыў запісы аб шлюбе Сяргея Пасэсара з Ярынай, бабы Шуры Войтавай з дзедам Санькам, а таксама аб нараджэнні Алёшы Цукра, Віці Вераб’я (запісаны Віталем), Сівіка, бабы Соні Германовічавае і самога Германовіча, бабы Надзі Лявончыкавае, Алёшы Гімбара, Алёшы Гаўрылавага, Ганіка. Ну і яшчэ шмат каго, проста, усіх не запомніш, ды і не пазнаеш усіх — чытаеш, што кулянскі, а хто — цяжка пазнаць, можа я і не ведаў нават гэтага чалавека, а можа і ведаў, ведаю, але як от, да прыкладу, вас, Прэдкаў, было паў-сяла, то дзе там усіх пазнаеш. Ужо калі радзейшыя нейкія прозвішчы, або сваякі, то іншая справа.
      Дарэчы, некалькі разоў сярод кулянцаў сустракаецца прозвішча Шыркавец у 30-х гадах мінулага стагоддзя — Канстанцін Шыркавец, сын Іосіфа. Германовіча ён хрысціў. І запіс маецца аб нараджэнні ў яго з Надзеяй Іванаўнай з дому Мулярчык дачкі Аляксандры. Цікава, хто гэта і куды ён падзеўся?..
      Дарэчы, маці Германовіча — Вольга Ігнатаўна — была з дому Місураў))
      Ну, цікава гэта ўсё, калі паглыбляешся 🙂 буду яшчэ капаць, праз пару тыдняў мо яшчэ што цікавае раскажу 🙂



    1. Ага, праўдышто)) Пазначыў там у самым пачатку матэрыяла, але толькі нумар фонду, бо ўказваць кожную справу я тут закалупаюся, ды і сэнсу ў гэтым няма асаблівага. Калі нехта надумае сам пакалупацца ў сваіх каранях, скласці радавод, то, натуральна, калупайце зверху ўніз, пачынайце з ранейшых часоў і паступова паглыбляйцеся — тады будзе складвацца ўсё ў мазгах, хто і кім вам даводзіцца 🙂


Добавить комментарий