Мова Поланска — старажытная мова маіх продкаў

Мая беларуская мова прыйшла да мяне перш за ўсё з Поланска, хаця я таксама мела магчымасць чуць і палескі дыялект. Я памятаю прабабку Аксеню, што размаўляла са мной па-беларуску. Памятаю прадзеда, які клікаў мяне менавіта Воляй. У дзяцінстве я думала, што, калі вырасту, то мяне будуць клікаць Волька, як і іншых бабулек у нашым Поланску.

Памятаю, што перад хатаю жылі буслы на слупе, і баба Маня мне іх паказвала. Я тады ўжо хадзіла ў школу ў горадзе і выпраўляла бабу: «Не бусел, а аіст». Пэўна таму, што мяне і самую выпраўлялі ў школе.

І вось чытаеш у навінах пра заявы так званых гісторыкаў з Масквы пра тое, што беларуская мова з҆ явілася ў 1926 годзе нейкім пастанаўленнем СССР і думаеш: якая бздура… Мая прабабка Аксеня нарадзілася ў 1903 годзе, ніколі не хадзіла ў школу, ня ўмела ні чытаць, ні пісаць, а размаўляла па-беларуску. Мне так пашчасціла, што я застала сваіх прадзедаў, што я маю сувязь з гісторыяй нашага краю, якую ніякі «гісторык» ці палітык ў мяне ня зможа адняць.

Камментарыi

  1. А яшчэ я хацеў бы дадаць адну думку, і даўно маю намер напісаць нават аб гэтым асобна. Я часта думаю: наколькі ўсё-такі беларуская мова нашых продкаў, нават яшчэ тых, якіх мы засталі, адрознівалася ад сучаснае мовы, што ва ўжытку. І фанетыка была іншай у нашых дзядуль і бабуль, гучала мова па-іншаму. А не кажучы ўжо пра лексіку. Ды і сінтаксіс (пабудова сказа) быў іншы.
    Мова нашых вяскоўцаў ужо не тая — зрусіфікаваная як фанетычна, сінтаксічна, так і лексічна. Апошняе асабліва крыўдна, бо замест прыгожае, адметнае, мяккае, мілагучнае мовы маем брыдкую трасянку — нашы ж вяскоўцы сёння стараюцца казаць «па-рускі», а загавары ў вёсцы па-беларуску, то яшчэ і абсмяюць.
    У апошнія некалькі дзесяцігоддзяў моўная сітуацыя змянілася якраз у той бок, што захавальнікам мовы вёска больш не з’яўляецца, хутчэй — горад, пры тым, чым буйнейшы, найбольш сталіца. Але беларуская мова гараджан, нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыі — зноў не тая беларуская мова, якую мы чулі ад нашых бабуль і дзядуль. Яна нейкая рафініраваная, ці як тут сказаць…
    Перачытаў нядаўна Вячаслава Адамчыка — ось дзе тая сапраўдная, мілагучная, багатая-разбагатая беларуская мова! А чытаю сённяшніх беларускамоўных нібыта журналістаў матэрыялы і не магу зразумець, на якой гэта мове: магазін, дагавор, тыраж, а то яшчэ і напішуць «тыпаграфія»… Рукі паадбіваць…
    А што датычыць заяваў тых сумнавядомых ужо, «з Масквы», то, як на мой погляд, невуцтва нявартае таго, каб яго нават абмяркоўвалі.


  2. Вядома, я згодная з вашай высновай, Аляксандр. Мы згубілі шмат з натуральнай сувязі і камунікацыі паміж пакаленнямі, што нядзіўна пры тым ціску, што аказваўся. З іншага боку, мы усё роўна не размаўлялі б так, як нашыя прадзеды, бо мова — гэта жывая рэч. Зараз мы маем такія словы, як кампутар, файл, айпад… То бок, мова — як рэчка, што ў яе ўкінеш — тое і будзе цячы; нават мае дзед ды баба ў маім дзяцінстве размаўлялі па-іншаму, ніж на прыканцы жыцца. Бо слухалі тэлебачанне, прачыналіся з радыё. Калі ранней казалі, што пайшлі па хлеб у краму, то пасля ўжо — «у магазін». Калі ранней было «кажу», то пасля ўжо — «гавару». А школы, таксама, дзяцей «выпраўлялі» і я кажу ня толькі пра тое, каб на расейскую мову. Дзе там, нават на занятках беларускай, памятаю, над словамі ў маіх сачыненнях настаўнікі ставілі то «польск», то «укр» (бо я ў дзяцінстве чула і палесскую гаворку). Памянтаю, выпраўлялі словы, якія я дакладна ведала, ужывалі ў Поланску. Дык вось, маем, што маем. Але, мяне цешыць сам факт, што горад — такі намагаецца быць носьбітам мовы, пры ўсім ціску. Калі мова, як рэчка, то трэба і кідаць туды, як найбольш таго, што захавалася, што Вы, Александр і робіце. Дый трэба кідаць туды, як мага найбольш пазітыўнага, бо інакш нашто тую рэчку негатыўнай рабіць… марна энергіі толькі будзе. Па-майму, неяк так.



Добавить комментарий