Кошт перамогі

Вось і прайшло свята перамогі над фашысцкімі нападнікамі, якія вынішчылі шмат людзей нашага краю. Вайна, мусіць, заўсёды мае супярэчлівасці, але з гісторыяў, якія нам перадаліся, акрэсліць гэты перыяд аднабакова, кшталту, “на нас напалі, а мы перамаглі”, вельмі цяжка. Што мы ведаем, пра тое, як успрымалі вайну нашыя продкі? Які кошт быў гэтай перамогі? Якія стасункі мелі паланчакі з партызанамі ці савецкай арміяй? Зразумела, у кожнай сям ҆і было па-рознаму, і вось некаторыя гісторыі, што дайшлі да нас, якія крыху перадаюць, што значыла вайна для маіх продкаў і шмат каго з паланчакоў, а, магчыма, і кулянцаў.

 

Па-першае, вайна пачалася ранней за 41-шы год, але мы, напэўна, не задумваліся, што некалі гвалтоўнасць і забойствы на захадзе ад нас, ў Польшчы, крануцца і нас, а, магчыма, і тое, што да таго часу гвалтоўнасць і забойства нас ужо крануліся, толькі з ўсходу, ставячы нас паміж двума ўраганамі. Нагадаю, у 1939-ым нашыя землі былі толькі далучаныя да Савецкага Саюзу, а ў 1940-ым некаторыя паланчакі былі гвалтоўна вывезеныя ці знішчаныя, напрыклад, Рапацкія. Але знакі блізкай вайны былі.

Перад самай вайной па тэрыторыі Заходняй Беларусі, на якой знаходзіцца Поланск, праходзіла шмат дыверсантаў. За два тыдні да пачатку вайны да нас ў хату зайшлі чатыры чалавекі ў цывільным, сказаўшы, што яны землямеры, папрасілі паесці. Гаварыў толькі адзін з іх, а астатнія маўчалі. У таго, што гаварыў, расейская мова была з нейкім акцэнтам, хаця на той час нашыя людзі ня былі прызвычаеныя да расейскай мовы, таму адрозніваць акцэнты ім было цяжка. Мая прабабка Соня пасмажыла яец на сале, нарэзала каўбасы, сала, хлеба і паставіла ладыжку малака. Калі “землямеры”, падзякаваўшы, пайшлі, прабабка Соня стала прыбіраць на стале лыжкі з відэльцамі і посуд. Пабачыўшы замест выпітага малака цэлую ладыжку грошай, яна паклікала свайго мужыка, майго прадзеда, Восіпа, каб паказаць грошы. Яны абодва вельмі здзівіліся, бо ў той час па нашай мясцовасці хадзіла шмат землямераў і іншых савецкіх чыноўнікаў, якіх называлі “васточнікамі”, і яны ніколі не плацілі. Па гэтым учынку можна было вылічыць немца. Грашыма тымі нашыя не скарысталіся, бо праз два тыдні пачалася вайна.

Калі пачалася вайна, буйныя часткі Чырвонай Арміі ў нашай мясцовасці апынуліся ў акружэнні, бо ўцякалі з Беластоцкага выступу. Яны хацелі прарвацца на ўсход да сваіх праз Слонім. Але немцы занялі пазіцыі на блізенскім беразе ракі Зэльванкі. Праз кожныя 50 м у блізенскім лесе стаяў кулямёт. Для лепшай бачнасці немцы паднімалі паветраны шар з карэктыроўшчыкам. Калі з҆яўляліся чырвонаармейцы або тэхніка, карэктыроўшчык паказваў, куды страляць. Вёска была занятая чырвонаармейцамі, сярод якіх не было ні камандзіраў, ні афіцэраў. Дзе яны былі, застаецца толькі здагадвацца. Мой прадзед, Прэдка Міхаіл Восіпавіч, расказваў, як аднойчы чырвонаармейцы сказалі яму, што на дарозе паміж Поланскам і Заполлем, каля жвіроўні, стаіць пашкоджаная машына з цукрам, цукеркамі, баранкамі і іншымі харчамі. Прадзед пайшоў, каб што-небудзь узяць з прысмакаў для сваіх дачок, і яго заўважыў нямецкі карэктыроўшчык. Немцы пачалі страляць з мінаметаў. Толькі дзякуючы вывучцы, атрыманай у польскім войску, прадзеду ўдалося ўцячы. Праўда, ў яго скалалася такое ўражанне, што яго хацелі ўжыць, як жывую мішэнь, каб адхіліць ўвагу немцаў.

Большаць вайны Поланск быў пад нямецкай акупацыяй, таму абодва мае прадзеды-паланчакі, з малымкі дзецьмі, вайну правялі ў Поланску. Падчас вайны ў хату, што належала Рошчанкам, трапіў снарад, і мой прадзед Восіп Мікалаевіч Рошчанка са старэйшым братам Антосем і іхнімі сем ҆ямі, пабудавалі часовы прытулак каля пограба, і жылі там. У склепе, які быў прыбудаваны да хаты, а цяпер там месціцца гараж, жыць баяліся, бо калі ў веску прыйшлі немцы і пачалі зачышчаць ад чырвонаармейцаў, у нашым склепе схаваліся 32 чырвонаармецы. Многія з іх былі параненыя, але здавацца ў палон адмовіліся. Немцы, акружыўшы хату са склепам, падышлі бліжэй і закідалі байцоў гранатамі. Ці пахаваныя яны дзе невядома, але нашыя пасля доўга вычышчвалі той склеп. Самыя ж продкі знаходзіліся ў гэты час за сялом, як і ўсе паланчакі. Набраўшы ежы, вопратку, сеннікі і радзюшкі, каб спаць, яны жылі два тыдні на узвышшы паміж Поланскам і Кулянамі на самым адкрытым месцы. Кругом лёталі нямецкія аэрапляны і ў бок людзей не стралялі. У мэтрах 50-70 знаходзілася зямлянка (бліндаж) з людзьмі, апранутымі ў савецкую вайсковую форму, і меўшых радыястанцыю. Нямецкія летчыкі праляталі над вайскоуцамі і качалі ім крыламі самалетау, а тыя не хаваліся . Хутчэй за ўсе гэта былі пераапранутыя ў савецкую форму нямецкія дыверсанты і трымаліся яны асобна ад паланчакоў.

У акупаваным Поланску немцы трымалі свой парадак. Мая прабабуля Аксеня Прэдка згадвала гісторыю пра кемлівасць прадзеда Міхася ў 1942 г. падчас вайны. Партызаны сказалі камусьці з нашых людзей, што бальшавікі, якія нядаўна паставілі тэлефонныя слупы ў Поланску, больш ня вернуцца, і можна рэзаць гэтыя слупы. Людзі парэзалі ў акрузе на дровы ўсе слупы, а партызаны адрапартавалі ў Маскву аб важнай дыверсіі. Але, верагодна, гэтымі слупамі карысталіся немцы, бо праз некалькі дзён яны прыехалі ў вёску і пачалі расследванне. Усіх, хто рэзаў, вызывалі на «майданак», клалі на бэрвяно, прывязвалі і лупцавалі бізуном па столькі, хто колькі зрэзаў слупоў. У той дзень стаяла спёка на двары за 30 градусаў. Калі перадалі майму прадзеду Прэдка Міхаілу Восіпавічу, які жыў ў 20 кроках ад плошчы, што прыйшла яго чарга, то прадзед надзеў на сябе фуфайку, ватныя штаны і з’явіўся перад нямецкім афіцэрам. Нямецкі афіцэр разгадаў прадзедавую хітрыку, рассмяяўся і вырашыў замест лупцавання прымусіць прадзеда выстаяць на сонцы цэлую гадзіну. Было вельмі горача, але ня білі.
Самае дарагое, што нашая сям҆я згубіла падчас вайны– гэта мой прадзед Восіп Восіпавіч (на здымку).
Vosip
Загінуў ён неяк “па-дурному”, так бы мовіць, ад міны. Аднойчы ён ехаў канём на возе да Ружан і калі пад҆яджаў да Турбінкі, у засадзе сядзелі мясцовыя партызаны з Заполля. Вёска яшчэ была пад нямецкай акупацыяй, і яны паставілі міну на дарозе і чакалі. Пра міну дзеда не папярэдзілі, бо сядзелі ў кустах і баяліся з ҆яулення немцаў. Дзед на міну наехаў і падарваўся. Спадак воза быў зроблены з моцных дубовых дошак, і дзеда не разарвала на месцы, але падкінула моцна ў паветра. Дзед застаўся жывы, але пасля гэтага выпадку тыднямі хварэў і, урэшце, памер. Дарэчы, 25 сакавіка 1945 г. таксама загінуў пад Гданьскам сын Антося, Ёзік, якога забралі ў Чырвоную армію адразу пасля вызвалення Поланска з-пад немцаў.

Гэтыя нявінныя ахвяры таксама заслугоўваюць нашай памяці, але няхай яны таксама натхняюць нас лепш разумець нашых продкаў.

Добавить комментарий