Вялікдзень

Прайходзіць мясаед, пачынаяцца Вялікі пост. Сем тыдняў усе людзі пасцілі, хадзілі ў цэркаў спавядацца.

 

Як прайдзе шэсць тыдняў паста – Вербная нядзеля. Людзі з вербамі ішлі ў цэркаў, свянцалі вербы, а ідучы з імі дадому, калі каго сустракалі, то  злёгку білі яго свянцонаю вярбою, прыгаварваючы: “Вярба б’е – ні я б’ю, праз тыдзянь – Вялікдзянь, уставай рано, валэ гані, мае займі!”.

На сёмум тыдні – Вялікдзянь. У вялікодну суботу пяклі пірагі, варылі яйца, фарбавалі, каўбасу варылі, кумпяка, сало. Усё гэто клалі ў спецыяльную скрынку – валянку. Запрагалі коней і ехалі да цэрківі. На ўсяночнуй усе станавіліся вакол цэркві са сваімі валянкамі, бацюшко ішоў і ўсё гэто свянцаў.

Прыехаўшы дадому ранкам, цалаваліся, хрыстосаваліся з тымі, хто быў удома. Садзіліся за стол і снедаць пачыналі з таго, што прывязлі з цэркві – разгаўляліся.

Пакідалі свянцоно яйцо, свянцоную костку і хлеб свянцоны да Юр’я. А на Юр’я да ўсходу сонца гаспадар браў усё гэто, закручваў у рушнік і хадзіў ля свайго жыта, абходзіў свае палеткі, казалі: “Хадзіў на Юр’я з расою”.

А на Вялікдзень, паснедаўшы, хто быў на ўсяночнай, клаліся спаць, адпачыць. Мужчыны збіраліся на вуліцы, гулялі ў біткі. Дзеці хадзілі па сяле і збіралі валачоно.

 

Запісана ў 1992 годзе ад Марыі Андрэеўны Сяргеевай  (1910 — 1992),  в. Куляны Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці

Добавить комментарий