Паланчакі – хто яны?

Цяжка сустрэць паланчака, які б не ганарыўся сваёй малой радзімай. Поланская зямля займае святое месца ў сэрцах тых, хто тут нарадзіўся ці жыў. Але калі глянуць крыху глыбей, то паланчакі даволі разнастайны народ па свайму паходжанню, і ў кожнай сям ҆і ёсць свая гісторыя пра тое, як іх продкі апынуліся ў Поланску. Канешне, я ня ведаю пра усіх паланчакоў, але памятаю некаторыя аповяды пра нашую сям ҆ю.

 

Мой бацька, Мікалай Мікалаевіч, даволі шмат ведае пра суседзяў і пра тое, як Поланск выглядаў да прыходу Саветаў, гэта значыць да 1939 г. Ён склаў мапу (гл. тут). Аказваецца, што на той час, наш мікра-мікрараён выглядаў крыху інакш. Мы дакладна ведаем, што нашая хата (нумар 1 на мапе) пераходзіла праз некалькі пакаленняў Рошчанкаў, прынамсі чатыры, то бок, прастаяла больш за 100 гадоў. Зямля, якая належала да сям ҆і Рошчанка, мела шмат большую плошчу, чым цяпер. З прыходам Саветаў прышлося паступіцца зямлёй і аддаць месца пад краму і медпункт. У хаце, дарэчы, нейкі час было размешчана праўленне створанага калгасу імя Чкалава, а пасля кантора лясніцтва (пасля перанесеныя ў клуб).

Праз дарогу па правы бок жылі Бульканы (Рошчанка Міхаіл) (6), якія трымалі карчму (пра карчму іншым разам, бо яна заслугоўвае асобнай размовы). Далей хаты засельвалі Кавалёвыя (пакойнага Рошчанка Віктара маці) (3), Качаны (5, 6), школа на чале з дырэктарам Сасноўскім (14), Шурко (10), Пракаповіч (11) і Балаховец (Стаўбунік) (9).

Ад майго дзеда, Мікалая Восіпавіча, нам заўсёды было вядома, што нашыя продкі былі перасяленцамі з украінскіх зямель. Як распавядаў дзед Коля, казацкія войскі прыехалі ў Поланск недзе напачатку 18-га стагоддзя, калі былі разгромленыя ў бітве з войскамі Пятра І. Казацкі гетман Мазэпа тады пасварыўся з Пятром І і перайшоў на бок шведаў, але ў бітве войскі пацярпелі паразу і ўцяклі на захад і поўдзень. Заглянуўшы ў гісторыю можна даведацца, што Мазэпа і Казімір Ян Сапега, які на той час валодаў ружанскім палацам, а, магчыма, і поланскім фальваркам, вялі перамовы з Карлам ХІІ супраць Масквы і неаднаразова сустракаліся. Такім, чынам падаецца верагодным, што Сапега мог прытуліць разгромленыя ўкраінскія палкі і засяліць іх ў Поланску. Гэтай гісторыяй таксам можна тлумачыць паходжанне нашых прозвішчаў з канчаткам на -ка, Рошчанка і Прэдка, але таксама іншых украінскіх прозвішчаў у Поланску, як, напрыклад, Даўгайла, Грышэчка, Шурко. Дарэчы, паводле сямейных паданняў, лес на поўнач, што завецца Сяцішча, быў месцам для вайсковай трэніроўкі і зваўся першапачаткова Сеччу. (Па іншаму меркаванню, назва Сяцішча магла пайсці ад невялічкага пасялення на поўнач побач лесам, дзе маглі жыць рыбакі, якія ўжывалі сеці). А пляцоўку пасярэдзіне вёскі насупраць Валодзі Узлоўскага (Партызана) старыя людзі называлі “майдан” ці “майданак”.

Можна таксама меркаваць, што ўсе Рошчанкі, якія жылі праз дарогу адзін ад аднаго, паходзілі ад аднаго Рошчанкі, але гэта было стагоддзі таму, бо блізкага сваяцтва паміж намі зараз няма.

Акрамя паланчакоў ўкраінскага паходжання былі сярод нас і палякі. Па першае, гэта дырэктар і заснавальнік поланскай школы Сасноўскі (магчыма, Стэфан?). Яго добра памяталі мой дзед і бабка. Ён прыехаў сюды ў 1920-х з мэтай пабудаваць школу за грошы, выдадзеныя польскім урадам. На жаль, з прыходам Саветаў дырэктара Сасноўскага напаткаў трагічны лёс. Яго забраў НКУС, і ён быў закатаваны. У папярэднім артыкуле я ўзгадвала пра палякаў Рапацкіх, якія жылі ў поланскім фальварку. Рапацкія прыехалі ў Поланск у 1920-х з Львова. У 1940 іх таксама забралі Саветы і перавезлі ў польскія спецпасяленні ў Архангельскай вобласці. У 1941, паводле дамовы з Еўропай, маці, дачцы і малошым сынам дазволілі выехаць у Лондан, у той час, як бацьку і старэйшага сына пакінулі ў Архангельскай вобласці. Пра гэта можна давецацца і са спісу сталінскіх ахвяр.

Па наш левы бок жыў Стаўбунік па мянушцы Балаховец. Як тая мянушка і падказвае, Балаховец служыў у арміі Станіслава Булака-Балаховіча, што змагалася за незалежнаць Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Але калі Польшча дамовілся з Расеяй пра ўціхамірванне войска БНР, палякі паразбройвалі войска і далі салдатам маёмасць, як у дамову. Такім чынам, у 1920-х у Поланск прыехаў Стаўбунік. Далейшы лёс Стаўбуніка склаўся сумна. Яго прызначылі вартаўніком склада, які Саветы зрабілі з адабранага фальварку Рапацкіх. Калі ў Поланск прыехалі немцы і пабачылі чалавека са зброяй на варце, яны яго адразу застрэлілі.

У той самы час ў Поланску з ҆явіўся і рускі салдат, Седзін. Ён засяліўся да маладой удавы Балахоўкі з дзецьмі і прыкінуўся мясцовым, бо інакш бы яго забілі. Седзін перажыў вайну, і пра ягонае сапраўднае паходжанне не даведаліся ні немцы, ні Саветы, і ён нажыў дваіх дзяцей з Балахоўкай. У сярэдзіне 1950-х Седзін пераехаў на радзіму, кудысці на Данбас. Сёння іхняе хаты больш не існуе.

Як бачым, на поланскай зямлі па-суседску жылі людзі ўкраінскага, польскага, беларускага, рускага і іншага паходжання, былі таксама і габрэі, і ўніяты, католікі і праваслаўныя. І неяк ужываліся і мелі зносіны, хоць часы былі нялёгкія, бо паядноўвала людзей поланская зямля… Дарэчы, ад дзеда я толькі чула, што ён быў паланчуком і беларусам.

Камментарыi

  1. Дзякуй, Воля! Заўсёды так грунтоўна і цікава пішаце! А адзін сын тога Стаўбуніка палонскага, пра якога Вы згадваеце, жыў у Кулянах, усе кулянцы яго добра ведаюць. І яго таксама звалі Балаховец. Я таксама ня раз думаў аб паходжанні гэтай мянушкі, хацелася ў яго як запытацца, адкуль быў яго бацька, але так і не сабраўся, а чалавека ўжо няма. Напэўна вы маеце рацыю, што яго бацька быў з тых Балахоўцаў, што змагаліся ў армііі Булак-Балаховіча за ідэалы БНР. Тым больш, што прозвішча цалкам не тутэйшае, нідзе ў акрузе больш няма такога прозвішча. Яшчэ раз, дзякую!


  2. У падцвержанне версіі пра ўкраінскае паходжанне паланчакоў магу прывесці яшчэ адзін факт: як сведчаць метрычныя кнігі Ружанскай царквы, што сёння захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве ў г. Гродна, яшчэ напачатку XX стагоддзя ў Поланску было даволі распаўсюджаным прозвішча ГЕЦЬМАН. Мне здаецца, што я яшчэ чуў гэтае прозвішча ў дзяцінстве, але яно ўжывалася ўжо больш як вулічная мянушка: гецьманава, гецьманаў. Цяпер то дакладна такога прозвішча няма ў Поланску, а сто гадоў назад было і не рэдка сустракаецца.


Добавить комментарий