Мова наша. Шануйце дыялекты свае

Піша Лявон Маліноўскі, NN.by:

Людзі іншы раз любяць з настальгіяй паўспамінаць словы сваіх бацькоў і дзядоў. Маўляў, як шкада, што трэба было ад гэтых мілых дыялектных слоў адмовіцца… Тут яны часта дапускаюць страшэнную памылку.

Перш-наперш не ўсё, што здаецца нам дыялектным, сапраўды можна аднесці да катэгорыя «дыялекту». Перш, чым называць нешта «дыялектызмам» варта зірнуць у тлумачальны слоўнік ды праверыць у пісьменнікаў, ці часта ўжываецца гэтае слова. Часцей за ўсё нашыя незвычайныя слоўцы аказваюцца вельмі нават такімі звычайнымі ў беларускай літаратуры, а сведчыць гэта толькі аб тым, што нашы бацькі ведалі беларускую мову значна лепш за нас — так як ведалі яе нашы пісьменнікі. Такое адчуванне, што мы так прывыклі да цеснаты і невыгоды, што кожную праяву шырыні, экспрэсіі, моўнай свабоды аўтаматычна запісваем у «нязгоднае з нормамі літаратурнай мовы».

Мы часта не ведаем і не ўяўляем сабе абсягаў літаратурнай мовы. Мы мяркуем аб ёй па газетах, а гэтае меркаванне можа нас завесці не ў той бок.

Перш-наперш лексічнае, фразеалагічнае багацце жывой мовы нічым нельга замяніць. У мове газет няма яму адпаведнікаў. Кузьма Чорны пісаў, што прыходзіцца звяртаць увагу маладых «кандыдатаў у пісьменнікі», што тыя калечаць сабе мову газетнымі выразамі, робяць яе «непісьменнай»:

«Я працую ў рэдакцыі «Беларускае вёскі», і мне даводзіцца чытаць вельмі шмат допісаў з вёскі і літаратурных твораў маладых вясковых аўтараў. Дык я на выразных прыкладах бачу, як друкаванае слова псуе пісьменнасць моладзі, забівае ўсю яе прыродную чуласць да мовы». («Небеларуская мова беларускай літаратуры»)

А фанетычнае багацце? Яго таксама варта берагчы і рупліва ахоўваць — нават найдрабнейшую яго драбніцу. Прафесар Фёдар Янкоўскі наракаў на настаўнікаў, што перавучваюць дзяцей вымаўляць «дайЦЕ» замест «дайЦЯ». Навуковец лічыць, што ніякім правам нельга так рабіць. Дый такая варыянтнасць знаходзіцца ў межах арфаэпічных нормаў беларускай мовы, якія дарэчы акрэслены вельмі далікатна.

Таму, усе заслужоныя знаўцы нашай мовы згодна кажуць нам, што нормы павінны адпавядаць рэчаіснасці, рэальнаму маўленню натуральных носьбітаў нашай мовы. Нашто ж мы сабе іх звужаем? Адныя словы несправядліва пазначаем як дыялектныя, гукі запісваем у ненарматыўныя, калі гэтага ад нас ніхто не патрабуе…

Нормы — калі яны зацесныя, штучна і немаведама чаму звужаныя — яны забіваюць жывое багацце жыцця і прыроды, робяць з векавога бору «гай тэлеграфных слупоў». Так назваў гэта Максім Лужанін ў адкрытым лісце да Кандрата Крапівы, што так і не быў тады апублікаваны:

«Мова, Кандрат Кандратавіч, — гоман векавога бору, злітны і адзіны, аднак кожнае слова, як і кожнае дрэва, мае свой голас і пошум, колер і смак, свой выгляд і лад. Тут заўсёды цёпла і ўцешна, ёсць на што глянуць, што паслухаць, сюды заўсёды горнецца сэрца. А вось у гай тэлеграфных слупоў — усе абструганыя, усе чыста роўныя, усе на адзін капыл, — у такі гай, выстраены ў некаторых слоўніках, не цягне: з іх не пачуеш мовы жывой, трапяткой, гістарычна асэнсаванай».

Як эколагі ўвесь час адкрываюць новыя віды ў пракаветных пушчах — так і мовазнаўцы нават не могуць сабе ўявіць — якое новае адкрыццё і сенсацыю яны знойдуць некалі ў мове, калі захаваная будзе яе натуральная экасістэма. Дбайма пра экалогію нашага моўнага «гаю» і не звужайма сабе нормаў. Асабліва, калі нас ніхто аб гэтым не просіць

 

Лявон МАЛІНОЎСКІ, NN.by

 

Добавить комментарий